Ахоўнікі гандлёвага цэнтра абакралі пакупнікоў у іншым гандлёвым цэнтры

У Цэнтральнае РУУС Мінска звярнулася дзяўчына з заявай пра крадзеж з камеры захавання ў гандлёвым цэнтры на праспекце Пераможцаў. Як паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі, у дзяўчыны скралі скураную куртку, касметыку і сонечныя акуляры. Сума шкоды склала каля 7 мільёнаў рублёў.

Запіс відэакамеры паказаў, што чужую ячэйку ўскрылі два хлопцы і дзяўчына. Высветлілася, што яны скарысталіся ключом ад сваёй камеры захоўвання.

Аператыўнікі знайшлі і затрымалі маладых людзей. Высветлілася, што два 21-гадовыя хлопцы працуюць ахоўнікамі ў іншым мінскім гандлёвым цэнтры, 21-гадовая дзяўчына вучыцца ў інстытуце.

На маладых людзей пачалі крымінальную справу за крадзеж, учынены групай асоб. Ім пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Фота — guvd.gov.by