Адвакаты Бабарыкі зноў абскардзілі абвінавачванне

Адвакаты Аляксандр Пыльчанка і Дзмітрый Лаеўскі, якія прадстаўляюць інтарэсы Віктара Бабарыкі, падалі скаргу на імя Генеральнага пракурора. Перад гэтым яны атрымалі адказ начальніка аддзела пракуратуры наконт абскарджання абвінавачвання.
7 ліпеня абаронцы абскардзілі абвінавачанне, выстаўленае Бабарыку. Па іх словах, яно парушала права на абарону, бо не дазваляла зразумець, якія менавіта дзеянні інкрымінуюцца затрыманаму экс-банкіру.
"І вось мы атрымалі адказ, ён складаецца з чатырох сказаў тэксту, з якіх толькі два сказы датычаць таго, чаму наша скарга на абвінавачванне не задаволеная, што нельга лічыць дастатковым, бо закон абавязвае пракурора ўсебакова праверыць і ацаніць прыведзеныя ў скарзе довады абаронцы. Таму цяпер мы абскардзілі і гэты атрыманы адказ, і абвінавачванне, прывёўшы да раней выкладзеных дадатковыя довады. Так што абвінавачванне зноў абскарджанае — і па форме, і па сутнасці", — перадае TUT.by словы адвакатаў.
Напярэдадні Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу Бабарыкі на рашэнне ЦВК, якая не зарэгістравала яго кандыдатам у прэзідэнты. Аднак сам палітвязень пра гэта яшчэ не ведае: адвакаты Наталля Мацкевіч і Дзмітрый Лаеўскі наведвалі яго ў чацвер, калі пра гэтае рашэнне яшчэ не паведамлялася. Абаронцы кажуць, што паведамяць усё пры наступнай сустрэчы. Па іх словах, Бабарыка ўсе складанасці ўспрымае мужна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.