7 студэнтаў і 1 выкладчык БНТУ выпісаныя з лякарні: каранавірус у іх не знайшлі

7 студэнтаў і 1 выкладчык БНТУ выпісаныя з лякарні: каранавірус у іх не знайшлі

Сем студэнтаў і аднаго выкладчыка БНТУ, якіх назіралі ў сувязі з магчымым захворваннем на каранавірус, выпісалі з лякарні. Выкладчык знаходзіцца дома на бальнічным. 

Пра гэта парталу ВНУ распавёў намеснік дэкана механіка-тэхналагічнага факультэта БНТУ Аляксей Белы. Менавіта на гэтым факультэце навучаецца іранскі студэнт Парса, у якога першага ў Беларусі выявілі каранавірус.

28 студэнтаў БНТУ застаюцца пад назіраннем у лякарні. Па словах Белага, пачуваюцца яны добра і скардзяцца толькі на нуду. 

"Іх перасоўванне абмежаванае палатай. Ва ўсіх, вядома, ёсць тэлефоны з інтэрнэтам, але і ён рана ці позна надакучвае. Некаторыя з выкладчыкаў змаглі ўзяць з сабой ноўтбук і працуюць проста адтуль. Студэнты, маючы доступ у інтэрнэт, таксама працягваюць дыстанцыйна атрымліваць адукацыю, як і іх аднакашнікі ў інтэрнатах", — распавёў намеснік дэкана. 

Дарэчы, ён пагаварыў і з іранцам Парсай, у якога выявілі каранавірус. Хлопец на здароўе не скардзіцца, але перажывае за вучобу і за тое, што праз яго ў шпіталь трапілі іншыя людзі. 

Як паведамлялася раней, у Беларусі зарэгістраваныя шэсць выпадкаў захворвання на каранавірус — чатыры ў Мінску і два ў Віцебскай вобласці. Пра першы выпадак стала вядома зранку 28 лютага. Каранавірус выявілі ў іранскага студэнта БНТУ, які прыляцеў у Мінск з Баку. Пасля гэтага студэнтаў БНТУ перавялі на дыстанцыйнае навучанне. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.