60-100 мігрантаў на тысячу работнікаў — Лукашэнка агучыў планы

Аляксандр Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка працягвае расказваць пра свае планы на працоўных мігрантаў.

На нарадзе 25 красавіка ён заявіў, што мігрантаў з розных краін трэба будзе раззасяроджваць па тэрыторыі Беларусі. Таксама ён дадаў, што акцэнт будзе рабіцца на запрашэнні цэлых сем'яў.

Пра памеры будучай працоўнай міграцыі Лукашэнка заявіў наступнае: "З тысячы чалавек будуць у нас, дапусцім, 60 або 100 чалавек замежнікаў. Гэта нармальная практыка. А наогул у нас працоўных рэсурсаў увогуле дастаткова. А дзе не хапае, мы адукуем кожнага чалавека і возьмем яго жыць".

Раней ён заяўляў, што ў Беларусь плануецца ўвезці 100-150 тысяч пакістанцаў. Гэтыя заявы выклікалі шырокі розгалас у грамадстве. У сацсетках людзі выказваюцца супраць такой вялікай колькасці прыезджых. Многія баяцца за бяспеку — сваю, дзяцей, блізкіх. Міліцыя пачала затрымліваць некаторых з аўтараў і запісваць з імі відэа, дзе яны пад прымусам "каюцца".

Каментуючы гэтыя асцярогі, Лукашэнка заявіў: тым, хто баіцца замежнікаў, "трэба працаваць тады за траіх, хоць бы за дваіх".

Таксама ён паведаміў, што прадукцыйнасць працы ў Беларусі ў два-тры разы ніжэйшая, чым у Еўрасаюзе. Таму, маўляў, давядзецца "ў найбліжэйшай будучыні пагадзіцца на тое, што ў нас будуць працаваць людзі з іншых краін". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.