200 сірот з Беларусі не аддаюць прыёмным бацькам за мяжу — "Бюро"

Дзеці, ілюстрацыйнае фота / @rubanau_collage
Каля 200 беларускіх дзяцей гадамі чакаюць сустрэчы з італьянскімі бацькамі, хаця працэдура міжнароднага ўсынаўлення паміж Беларуссю і Італіяй аформленая яшчэ два дзесяцігоддзі таму. Пра гэта расследвальнікам "Бюро" паведаміла арганізацыя Associazione Adozioni Alfabeto, якая займаецца міжнароднымі ўсынаўленнямі.
Большасць гэтых беларускіх сірот старэйшыя за 12 гадоў і маюць праблемы са здароўем. З прытулкаў іх не адпускаюць, бо рэжым Лукашэнкі бачыць у іх інструмент для палітычных маніпуляцый.
Да 2020 года праблемаў з міжнародным усынаўленнем не было. Аднак потым заміж ранейшых дзясяткаў колькасць усынаўленняў стала лічыцца адзінкамі. У 2023 годзе праз працэдуру міжнароднага ўсынаўлення ўвогуле не прайшло ніводнага дзіцяці. Гэта першы такі выпадак за апошнія 17 гадоў.
Як піша "Бюро", прычына — у палітыцы. У 2020-м Лукашэнка пачаў небывалыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. У адказ ЕС абарваў кантакты з афіцыйным Мінскам. У тым ліку не быў падпісаны гарантыйны ліст аб узгадненні міжнароднага ўсынаўлення паміж Італіяй і Беларуссю. Беларускія сіроты паспелі пазнаёміцца з сваімі італьянскімі прыёмнымі бацькамі і рыхтаваліся да пераезду, але захраслі ў дзіцячых дамах.
З ініцыятывы італьянскіх бацькоў гарантыйны ліст аб міжнародным усынаўленні ў Італіі прызналі адміністрацыйным актам, а не палітычным, каб на гэтай падставе падпісаць яго. Ліст быў падпісаны ў кастрычніку 2024-га старшынёй італьянскага ўрада і накіраваны Лукашэнку. Але працэдура міжнароднага ўсынаўлення не аднавілася, і італьянскі бок не ведае прычын.
Журналісты "Бюро" звярнуліся да дырэктаркі Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Таццяны Бялевіч як прыватныя асобы. Яна спаслалася на санкцыі: "Гэтая сітуацыя не даведзеная да канца, і ці можа яна быць даведзеная да канца, я вам дакладна сказаць не магу. Я не палітык. І санкцыі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь накладвала не я. <...> Гэта ўнутраныя рычагі, унутраныя інструменты, якімі мы працуем. І я не бачу падставы расказваць менавіта вам пра гэтыя ўнутраныя рычагі".
Дарэчы, афіцыйны Мінск не толькі замарозіў дамоўленасці па ўсынаўленні, але і перастаў адпускаць "дзяцей Чарнобыля" на аздараўленне ў Італію. Пра гэта паведаміў прэзідэнт асацыяцыі Puer, якая на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў арганізоўвала падарожжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.