20-гадовы пінчук друкаваў новыя рублі на струмянёвым прынтары
У Пінску супрацоўнікі мясцовага гараддзелу міліцыі і УБЭЗ УУС Брэсцкага аблвыканкама затрымалі 20-гадовага хлопца, які вырабляў і збываў фальшывыя новыя рублі.
Як паведамляе прэс-служба МУС, напрыканцы мінулага тыдня пінскія праваахоўнікі даведаліся пра некалькі фактаў збыту новых купюраў па 5 і 20 рублёў. Факты былі зафіксаваныя ў розных гандлёвых кропках Пінска.
Падчас праверкі выявілася, што зламыснік збываў падробленыя грошы некалькімі спосабамі. 20-рублёвыя фальшыўкі ён даваў 10-12-гадовым падлеткам і прапаноўваў купіць чыпсы, а рэшту вярнуць яму. Пяцірублёвымі банкнотамі зламыснік расплочваўся на рынку з пенсянерамі за гародніну.
Фальшываманетчыка затрымалі ўвечары 16 жніўня, калі ён чарговы раз хацеў расплаціцца фальшыўкамі ў адной з пінскіх крамаў.
Выявілася, што 20-гадовы пінчук знаходзіўся ў вышуку. Нядаўна ён самавольна пакінуў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, дзе адбываў пакаранне за крадзеж. Пры сабе хлопец меў тры падробленыя купюры па 5 рублёў. Дома ў яго праваахоўнікі выявілі струмянёвы прынтар, 3G-мадэм, арыгінал пяцірублёвай купюры, з якой былі рабіліся фальшыўкі, а таксама яшчэ 5 падробленых банкнотаў узору 2000 года.
Праваахоўнікі выявілі сем фактаў збыту падробленых грошай. Цяпер на хлопца пачалі крымінальную справу.