16-гадовага ліхача на Століншчыне спынялі зброяй
Здарэнне адбылося ўвечары 3 лютага ў вёсцы Альшаны.
Інспектары дарожна-патрульнай службы ДАІ паспрабавалі спыніць аўтамабіль "Мэрсэдэс-Бенц". У адказ кіроўца іншамаркі павялічыў хуткасць і паспрабаваў уцячы, ствараючы рэальную пагрозу жыццю і здароўю грамадзян, інфармуе БЕЛТА. Міліцянты пачалі пераследаваць яго. Падчас пагоні яны па гучнай сувязі неаднаразова патрабавалі ад кіроўцы спыніцца. Калі пагоня выйшла за межы населенага пункта, было прынята рашэнне выкарыстаць табельную зброю.
Інспектар ДПС зрабіў чатыры папераджальныя стрэлы ў паветра і два — па колах аўтамабіля. Толькі пасля гэтага транспартны сродак быў спынены, а кіроўца затрыманы. Ім аказаўся 16-гадовы мясцовы жыхар, навучэнец 11-га класа сярэдняй школы без правоў кіравання. Машыну ён узяў у брата, пазбаўленага правоў за язду ў нецвярозым выглядзе. Пры медаглядзе выявілася, што школьнік абсалютна цвярозы.
На 16-гадовага кіроўцу склалі 5 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за язду без права кіравання, невыкананне неаднаразовых патрабаванняў аб прыпынку, выезд на сустрэчную паласу, стварэнне аварыйнай абстаноўкі на дарозе. Зараз яго бацькам давядзецца выплаціць салідны грашовы штраф, а сам ён трапіць на ўлік у камісію па справах непаўналетніх.
Фота — soligorsk-info.ucoz.com