Звесткі пакупнікоў брэнда Belaruskicry маглі трапіць да сілавікоў

Упрыгожанне Belaruskicry

Упрыгожанне Belaruskicry / Instagram брэнда Belaruskicry

Да сілавікоў маглі трапіць звесткі кліентаў, якія замаўлялі ўпрыгожанні беларускага брэнду Belaruskicry. Адпаведнае папярэджанне з'явілася ў Інстаграм-акаўнце брэнду.

"Сябры, мы звяртаемся да вас з клопатам. У сувязі з апошнімі навінамі ў прызнанні Belaruskicry экстрэмісцкім фармаваннем у Беларусі, у нас няма ўпэўненасці, што даныя вашых мінулых замоў не трапілі ў іншыя рукі", — гаворыцца ў пасце брэнда.

26 ліпеня брэнд у сваіх сацсетках паведаміў, што яго прызналі "экстрэмісцкім", папярэдзіў падпісчыкаў пра адказнасць і заклікаў берагчы сябе. 29 ліпеня брэнд Belaruskicry афіцыйна з'явіўся ў спісе "экстрэмісцкіх фармаванняў" на сайце МУС. У дакуменце паведамлялася, што такое рашэнне прыняло КДБ 24 ліпеня.

На сайце крамы яшчэ 26 ліпеня з'явілася заглушка з наступным тэкстам: "Інфармацыйная прадукцыя belaruskicry прызнана экстрэмісцкай! Кіраўнікі крамы — чальцы экстрэмісцкага фармавання! Будзьце асцярожныя! Рэкамендуецца адмовіцца ад паслуг гэтага брэнда!".

Можна меркаваць, што пасля ўзлому сайта сілавікі атрымалі доступ і да звестак пакупнікоў.

Звесткі пакупнікоў брэнда Belaruskicry маглі трапіць да сілавікоў

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.