"Зроблена хранова, шчыра кажучы". Ці ёсць попыт на беларускія ноўтбукі

Ці ёсць попыт на беларускія ноўтбукі
Беларускі ноўтбук з'явіўся ў продажы два гады таму. Прэзентуючы прадукт, Лукашэнка адзначаў, што гэта будзе "самы сучасны кампутар на ўзроўні сусветных стандартаў".
Дык што там з першым беларускім ноўтбукам? Ці ёсць на яго попыт і як часта ён ламаецца? Еўрарадыё пагартала дзяржзакупкі, пагаварыла з прадаўцамі ноўтбукаў і пачытала каментары ў інтэрнэце.
"Адмоўных нараканняў не было"
Тэлефануем у адну з вядомых інтэрнэт-крамаў бытавой тэхнікі і прадстаўляемся ахвотнікам купіць беларускі ноўтбук "Гарызонт". Кансультант расказвае, што за ўвесь час продажу "адмоўных нараканняў не было".
— У кожнага свае патрэбы, каму што падабаецца. Унутраныя часткі ў іх амаль усе з імпартнага начыння.
— А часта іх у вас купляюць?
— Гарызонтаўскую тэхніку купляюць практычна ўсю, у тым ліку і ноўтбукі. Вельмі карыстаюцца попытам.
— Раз нараканняў няма — значыць, яны і не ламаюцца?
— Ну ўся тэхніка мае ўласцівасць ламацца. Гледзячы дзе вырабляюць.
— Ну яго ж у Мінску збіраюць?
— Так, зборка беларуская.
"Для фаташопа ён будзе слабаваты"
У наступнай інтэрнэт-краме нам таксама паведамляюць, што беларускі кампутар вельмі неблагі для офісных задач, а вось для больш складаных лепей пашукаць іншы дэвайс.




"Выдатны ноўтбук, якасны корпус. Выглядае мінімалістычна (і гэта добра). Клавіятура і дызайн годныя, нічога не рыпіць, не люфціць. Horizont папрацавала на славу!"
Што за ноўтбук?
1 верасня 2022 года Аляксандр Лукашэнка паказаў падчас "Урока гістарычнай памяці" першы беларускі ноўтбук ад кампаніі "Гарызонт".
Адразу заяўлялася, што ноўтбук на 12% складаецца з беларускіх камплектуючых, а пасля долю абяцалі павялічыць да 30%.
Цяпер прадаюцца 5 мадэляў айчыннага ноўтбука.
Самы танны можна купіць за 1038 рублёў, самы дарагі за 2513 рублёў. У беларускіх інтэрнэт-крамах купіць ноўтбук "Гарызонт" вялікай праблемы не складае. Амаль усюды ён ёсць у наяўнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.