Знайшлі анкалогію ў Польшчы, дзе шукаць падтрымку? У такіх жа, як і вы

“Пытанні проста заставаліся без адказаў”

“Пытанні проста заставаліся без адказаў” / euroradio.fm

Арт-куратарка і актывістка Эльвіра Каралёва яшчэ ў Беларусі актыўна займалася тэмамі інклюзіўнасці і людзей з інваліднасцю. Калі ёй давялося эміграваць у Польшчу, Эльвіра і не думала, што тут працягне займацца гэтымі ж праблемамі.

“І потым як бы сама тэма інклюзіўнасці мяне знайшла. Таму што ў многіх чатах мігрантаў я стала заўважаць пытанні пра інваліднасць, людзей з інваліднасцю. І я бачыла, як гэтыя пытанні проста заставаліся без адказаў, таму што яны губляліся ў агульнай плыні інфармацыі. І я падумала: ну вось як так? Пытанні ёсць, адказаў не бачу”, — распавядае Эльвіра.

Так з’явіўся чат “Інклюзіўная Польшча”, дзе абмяркоўваюцца праблемы людзей з інваліднасцю. У чым тут убачылі пагрозу — незразумела, але групу паспеў назваць “экстрэмісцкай”.

Ускосна дадаўся яшчэ адзін чат — для і пра людзей з аўтыстычным расстройствам. Абодва хутка раслі, а Эльвіра стала заўважаць, што часта ўзнікаюць і пытанні анкалогіі. І спачатку не вельмі хацелася займацца гэтай тэмай.

“Я ў Беларусі займалася вельмі шчыльна цэнтрам анкалагічнай бальніцы і дзіцячай анкалогіяй у Бараўлянах. Мы часта ездзілі туды з замежнымі партнёрамі, прывозілі канцэрты, дапамогу, аказвалі інфармацыйную падтрымку, ладзілі святы, пісалі і давалі інтэрв’ю. Гэта было вельмі цяжка. Нават маючы вялікі досвед паездак туды, зносін, усё роўна да гэтага немагчыма прывыкнуць”.

Але Эльвіра ўсё ж вырашыла стварыць чат, і ён таксама пачаў актыўна расці.

“Гэта, канечне, не той чат, да росту якога адмін радуецца, бо я разумею, што кожны новы ўдзельнік — гэта нейкая няпростая гісторыя, лёс, пытанне. І чалавек прыйшоў не проста так пагутарыць, а менавіта з назапашанай праблемай.

І калі нехта выходзіць з чата — слава Богу, гэта значыць, што чалавек вылечыўся, знайшоў рашэнне, і тэма анкалогіі для яго ўжо не актуальная”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.