Злодзеі абчысцілі амаль 30 прыватных будоўляў у Бабруйску
Яны кралі дарагі будаўнічы інструмент і збывалі яго на “птушыным рынку”.
Дваіх жыхароў Бабруйска абвінавачваюць у серыйных крадзяжах будаўнічага інструменту. Галоўным фігурантам справы стаў 42-гадовы мясцовы жыхар, які раней неаднойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. У яго таксама быў саўдзельнік — несудзімы бабруйчанін. Разам яны абчысцілі 29 прыватных будоўляў.
Удзень злодзей аб’язджаў на ровары найбліжэйшыя прыватныя новабудоўлі, прыглядаўся і часам нават размаўляў з будаўнікамі. Звычайна ён скардзіўся, што нібыта заблукаў. Пакуль будаўнікі паказвалі яму дарогу, зламыснік прыглядаўся да патэнцыйнай “здабычы”. Уначы ён вяртаўся на будаўнічую пляцоўку і забіраў адтуль дарагія інструменты. Часам злодзей залазіў у дом праз дах, часам адціскаў дзверы ці вокны, мог таксама прабіць дзірку ў драўлянай сцяне, а мог скарыстацца лазам для сабак.
Ён выбіраў толькі новыя і дарагія інструменты. Скрадзенае вывозіў яго прыяцель, у якога была машына. Пазней інструменты прадавалі на “птушыным рынку”. Злодзей вывучаў характарыстыкі тавару ў інтэрнэце, таму пакупнікі не задавалі пытанняў пра яго паходжанне.
Усяго зламыснікі накралі на 200 мільёнаў рублёў. Пасля затрымання яны прызналі сваю віну і далі падрабязныя паказанні, паведамляе прэс-служба Следчага камітэту.