Жыллёва-камунальная гаспадарка Жабінкі атрымае ад ЕС больш за 2 млн еўра

Жыллёва-камунальная гаспадарка Жабінкі (Брэсцкая вобласць) атрымае ад Еўрасаюза больш за 2 млн 300 тысяч еўра. Праект, які быў падтрыманы, атрымаў назву “Чыстая рака — галоўны прыярытэт”. У цэнтры ўвагі — стан рэк Буг і Мухавец, інфармуе Радыё Свабода.
24 кастрычніка ў Мінску былі абвешчаны пераможцы конкурсу, які фінансуецца з бюджэту праграмы Польшча — Беларусь — Украіна. З 146 заявак абралі 17. На іх выдаткавана больш за 33 мільёны еўра. Былі падтрыманыя 5 беларуска-польскіх праектаў, якія датычаць папулярызацыі лакальнай культуры, гісторыі і аховы прыроднай спадчыны. 2 млн еўра атрымаюць стваральнікі праекту па стварэнні турыстычнага маршруту “Шляхам Тызенгаўза”. Больш за мільён еўра пойдзе на кансервацыю помнікаў і на стварэнне даследчыцкіх цэнтраў.