Журналістка расказала, як датэлефанавалася Статкевічу на мяжу

Николай Статкевич на границе

Мікалай Статкевіч

Былая галоўная рэдактарка "Новага Часу" Аксана Колб здолела датэлефанавацца да палітвязня Мікалая Статкевіча, калі ён 11 верасня быў на беларуска-літоўскай мяжы. У гутарцы з Deutsche Welle яна расказала, як угаворвала Статкевіча ехаць у Літву.

Колб кажа, што ціснула на палітвязня, гаворачы пра пачуцці яго жонкі.

"Я паспрабавала яго ўгаварыць [з'ехаць у Літву]. За некаторыя рэчы мне цяпер сорамна, таму што, я думаю, я рабіла яму балюча, калі спрабавала сказаць, дакладней, націснуць на тое, што адчувае Марына. Ён і так гэта ўсё ведаў, я разумею, як яму было балюча чуць гэта яшчэ раз. Казалі каля дзевяці хвілін",згадвае журналістка.

Паводле яе, палітык расказаў, што ў зняволенні перанёс інфаркт. Аднак голас яго гучаў бадзёра, кажа Колб: "Я не пачула наогул ніякіх зменаў, я іх бачыла на камеру, як ён схуднеў, як ён згорбіўся. Але па голасе гэтага абсалютна няма. Такі ж, як звычайна".

Яна згадвае, што Статкевіч сказаў ёй: "Калі цяпер я паддамся на гэта, калі я прыму іх умовы, то, значыць, усё маё жыццё сышло проста дарэмна".

Пры гэтым ён разумеў, што яго вяртанне ў Беларусь азначае зноў турму. Таму Статкевіч папрасіў: "Хопіць мяне шантажаваць, у мяне не так шмат часу, я хачу падыхаць гэтым паветрам, палюбавацца на дрэвы".

11 верасня беларускія ўлады прымусова вывезлі ў Літвы 51 вызваленага вязня, сярод якіх былі і беларусы, і замежнікі. 52-м быў Мікалай Статкевіч, які адмовіўся ад прымусовай дэпартацыі: паводле відавочцаў, ён выбіў нагой дзверы аўтобуса і застаўся на мяжы. Пасля некалькіх гадзін яго ў невядомым кірунку павезлі людзі ў масках. Пазней у СМІ з'явіліся паведамленні, быццам Статкевіча вярнулі ў калонію ў Глыбокім, дзе ён быў перад тым, але афіцыйнага пацвярджэння гэтых вестак няма. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.