Журналістаў у Кыргызстане затрымалі за "заклікі да масавых беспарадкаў"

Галоўная старонка кыргызскага выдання "Клооп"

Галоўная старонка кыргызскага выдання "Клооп" / kloop.kg

29 траўня ў Кыргызстане супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта нацыянальнай бяспекі (ДКНБ) правялі ператрусы і затрыманні супрацоўнікаў недзяржаўнага выдання "Клооп". Пад "зачыстку" трапіл не толькі цяперашнія, але і былыя супрацоўнікі выдання.

Пасля ператрусу аператара выдання Аляксандра Аляксандрава і яго былога калегу Жаамарта Дуулатава затрымалі на двое сутак. Адвакат Бакыт Аўтандзіл расказаў, што іх падазраюць у "закліках да масавых беспарадкаў".

"Мы лічым затрыманні неабгрунтаванымі. Яны не дапускалі адвакатаў, бо не лічылі неабходным пры асабістай гутарцы з падазраванымі дапускаць адвакатаў. Аднак мы лічым гэта грубым парушэннем. Мяне больш за шэсць гадзін не дапускалі да маіх падабаронных", падкрэсліў адвакат.

Дакладныя абвінавачанні абарона пакуль не ведае, бо следства не дало матэрыялы справы.

Акрамя Дуулатава і Аляксандрава былі затрыманыя дзве дзяўчыны, якія былі ў іх кватэрах, але не маюць дачынення да выдання. Спецслужба затрымала таксама дзвюх журналістак "Клоопа" Айдай Эркебаеву і Зыягул Балот кызы ды былую супрацоўніцу Зару Садыгаліеву. Усіх дзяўчат дапыталі ў якасці сведак па справе і адпусцілі.

Сузаснавальнік "Клоопа" Рынат Тухватшын назваў затрыманні супрацоўнікаў выдання выкраданнямі: "Толькі два чалавекі паспелі паведаміць, што іх затрымліваюць. Пяць чалавек фактычна зніклі. Мы праз знаёмых і адваката знайшлі іх у ДКНБ. Пасля затрымання ніхто з іх не змог звязацца ні са сваякамі, ні з намі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.