Беларускага экс-палітвязня з гуманітарнай візай не пусцілі ў Германію

Берлін, ілюстрацыйнае фота
Беларускага экс-палітвязня не пусцілі ў Германію з-за прыпынення выдачы гуманітарных віз. Пра гэта са спасылкай на праваабарончую арганізацыю Libereco паведамляе DW.
Праваабаронцы Libereco звярнуліся ў МУС ФРГ па тлумачэнні ў сувязі з прыпыненнем усіх працэдур гуманітарнага прыёму, уключаючы выдачу гуманітарных віз для палітычна пераследаваных асоб з Беларусі.
У афіцыйным адказе ведамства гаворыцца, што спыненне выдачы гуманітарных візаў датычыць не толькі новых і бягучых заяў, але і ўсіх асоб, "у дачыненні да якіх ужо было абвешчана аб допуску". У МУС падкрэслілі: "Толькі тыя асобы, якія ўжо знаходзяцца ў Германіі і атрымалі від на жыхарства, знаходзяцца ў бяспецы".
Праваабаронцы Libereco мяркуюць, што ў выніку такога рашэння палітычна пераследаваныя грамадзяне Беларусі не толькі аказваюцца кінутымі, але і наўмысна падвяргаюцца небяспецы. У арганізацыі кажуць, што акрамя былога беларускага палітвязня ў Германію не магла трапіць яшчэ адна асоба, якая ўжо атрымала гуманітарную візу.
Пра спыненне выдачы гуманітарных віз Германія абвясціла 23 ліпеня. Паведамлялася, што рашэнне не закране тых, хто ўжо змог прыехаць у Германію. Аднак новыя заявы на выдачу такіх віз часова прымацца не будуць, а лёс тых, што знаходзяцца на разглядзе, пакуль незразумелы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.