Белы дом хоча згарнуць расследаванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

Белы дом

Белы дом

У ЗША могуць спыніць фінансаванне амаль двух дзясяткаў міжнародных праграм, якія займаюцца расследаваннем парушэнняў правоў чалавека і ваенных злачынстваў, а таксама і забеспячэннем прававой адказнасці за іх. У прыватнасці, гэтыя праграмы разглядаюць сітуацыю ў Беларусі і Украіне. Гэтага патрабуе Белы дом, піша агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы ў амерыканскім урадзе і ўнутраныя дакументы.

Адпаведную рэкамендацыю зрабіла Упраўленне па пытаннях кіравання і бюджэту (Office of Management and Budget, OMB) — структура, якая курыруе размеркаванне дзяржсродкаў у ЗША. Рэкамендацыя не з'яўляецца канчатковым рашэннем — аспрэчыць яе можа Дзярждэпартамент. Марк Рубіа павінен будзе падаць свой спіс праграм, якія заслугоўваюць захавання.

Гаворка ідзе аб праграмах, якія ахопліваюць не толькі Украіну і Беларусь, але таксама Ірак, Непал, Шры-Ланку, Калумбію, Судан, Паўднёвы Судан, Афганістан і Гамбію.

У гутарцы з журналістамі амерыканскія чыноўнікі адзначылі, што ад Рубіа не варта чакаць актыўнай абароны гэтых праграм. Але магчыма, ён паспрабуе адстаяць некаторыя з іх — напрыклад, ініцыятывы па прыцягненні Расіі да адказнасці за ваенныя злачынствы ва Украіне.

Усе структуры, зацікаўленыя ў захаванні падобных праграм, павінны да канца працоўнага дня 11 ліпеня накіраваць свае аргументы ў абарону, гаворыцца ва ўнутраным лісце Дзярждэпа. Пры гэтым у аргументацыі трэба патлумачыць, як тая ці іншая праграма адпавядае цяперашнім прыярытэтам адміністрацыі Трампа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.