Беларуса выдалілі з базы Інтэрпала дзякуючы юрыстам Офіса Ціханоўскай

Інтэрпал, ілюстрацыйнае фота / EPA
Юрыдычная каманда офіса Ціханоўскай дамаглася выдалення беларускага палітуцекача з базы вышуку Інтэрпала.
Рэжым Лукашэнкі ўжо некалькі гадоў спрабуе выкарыстоўваць гэтую міжнародную арганізацыю як інструмент палітычнага пераследу. Паколькі Інтэрпал не праводзіць вышук паводле палітычных матываў, афіцыйны Мінск спрабуе фабрыкаваць крымінальныя справы па эканамічных ці наркатычных артыкулах.
Беларус, пра якога ідзе гаворка, у 2020-м удзельнічаў у мірных пратэстах, у 2022-м яго затрымалі, катавалі і канфіскавалі дакументы. Пасля гэтага мужчына выехаў з Беларусі і атрымаў абарону ў Польшчы. Аднак у 2024-м польская паліцыя затрымала яго на запыт Інтэрпала — у Беларусі мужчыну абвясцілі ў вышук нібыта за распаўсюд наркотыкаў.
Польскі суд адмовіўся выдаваць яго ў Беларусь, прызнаўшы, што яго чакае рэальная пагроза катаванняў, бесчалавечнага абыходжання і парушэння асноўных правоў у Беларусі.
Юрыдычная каманда Офіса Ціханоўскай падала афіцыйны запыт у Камісію па кантролі файлаў Інтэрпала (CCF) з поўным пакетам доказаў і юрыдычным абгрунтаваннем.
8 жніўня 2025 года Генеральны сакратарыят Інтэрпала афіцыйна пацвердзіў: згаданы чалавек больш не знаходзіцца ў базах Інтэрпала. 12 жніўня Камісія CCF даслала афіцыйны ліст, які пацвярджае гэта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.