Дзярждэп ЗША апублікаваў даклад аб правах чалавека ў Беларусі за 2024 год

Злучаныя Штаты, ілюстрацыйнае фота

Злучаныя Штаты, ілюстрацыйнае фота

Дзярждэпартамент ЗША апублікаваў чарговы штогадовы даклад аб правах чалавека ў Беларусі. Як адзначыла ведамства, за 2024 год істотных зменаў у гэтай сферы ў Беларусі не адбылося.

Сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека Дзярждэп палічыў дакладныя звесткі пра:
— катаванні ці жорсткае, бесчалавечнае або зневажальнае для годнасці абыходжанне або пакаранні;
— прымусовае ці гвалтоўнае ўжыванне медыцынскіх або псіхалагічных практык; 
— адвольныях затрыманні ці арышты;
— транснацыянальныя рэпрэсіі супраць асоб, якія знаходзяцца ў іншых краінах;
— свядомае супрацоўніцтва з іншай дзяржавай з мэтай ажыццяўлення транснацыянальных рэпрэсій;
— сур'ёзныя абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў і свабоды СМІ, уключаючы гвалт або пагрозы на адрас журналістаў, неабгрунтаваныя арышты або судовыя пераследы журналістаў, цэнзуру і іншае.

Таксама ў Дзярждэпе адзначылі, што рэжым Лукашэнкі ў 2024 годзе працягваў падтрымліваць вайну Расіі супраць Украіны. "Беларусь дазваляла Расіі размяшчаць ракетныя ўстаноўкі, самалёты ды іншае ўзбраенне, з тэрыторыі краіны наносіліся ўдары па ўкраінскіх цэлях. На працягу года Беларусь аказвала медыцынскую, матэрыяльную і лагістычную дапамогу расійскім войскам", — заяўляюць у Дэпартаменце.

Згадалі ў дакладзе і ўдзел афіцыйнага Мінска ў сістэматычнай дэпартацыі тысяч дзяцей з акупаваных Расіяй рэгіёнаў Украіны. Іх вывозілі ў так званыя лагеры адпачынку ў Беларусі. Ад лютага 2022 года з акупаваных украінскіх тэрыторый у Беларусь было вывезена больш за 2400 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. "Гэтая сістэматычная перадача дзяцей, якая ажыццяўляецца пры садзейнічанні сілавікоў, ультранацыяналістычных груповак і дзяржаўных структур, была важнай часткай рэалізацыі расійскай палітыкі па індактрынацыі і перавыхаванню ўкраінскіх дзяцей", — падкрэсліваюць у Дзярждэпе. Амерыканскія чыноўнікі дадаюць, што ў праваабарончых арганізацый няма дастатковых доказаў, што ўсе ўкраінскія дзеці былі вернутыя дадому ва Украіну.

Гаворачы пра ціск на СМІ, Дзярждэп згадаў, што больш за 400 журналістаў з 2020 года былі вымушаныя пакінуць краіну праз рэпрэсіі, больш за 30 прадстаўнікоў СМІ перабываюць за кратамі. Улады выкарыстоўваюць цэнзуру ў інтэрнэце: больш за 700 тэлеграм-каналаў прызнаныя "экстрэмісцкімі", каля 50 — прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі".

Таксама ў дакладзе адзначаецца, што рэжым Лукашэнкі на працягу года спрабаваў ціснуць на іншыя краіны, каб тыя пачалі негатыўныя дзеянні супраць беларускіх палітуцекачоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.