Нобелеўскую прэмію міру атрымала палітык з Венесуэлы

Марыя Карына Мачада

Марыя Карына Мачада / Нобелеўскі камітэт

Нобелеўскую прэмію міру за 2025 год атрымала венесуэльская палітык, грамадская дзяячка і філантропка Марыя Карына Мачада. Пра гэта 10 кастрычніка паведаміў Нарвежскі Нобелеўскі камітэт.

У яго рашэнні гаворыцца, што прэмію Мачада атрымала за нястомную працу па прасоўванні дэмакратычных правоў венесуэльскага народа і за барацьбу за справядлівы і мірны пераход ад дыктатуры да дэмакратыі.

Арганізатары прэміі назвалі Мачада адным з самых выбітных прыкладаў грамадзянскай мужнасці ў Лацінскай Амерыцы апошніх гадоў і аб'яднаўчай фігурай у венесуэльскай апазіцыі. "Менавіта гэта і ляжыць у аснове дэмакратыі — нашай агульнай гатоўнасці абараняць прынцыпы народнага самакіравання, нават калі мы не згодныя адзін з адным", — гаворыцца ў тлумачэнні Нобелеўскага камітэта.

Там згадваецца, што Венесуэла з адносна дэмакратычнай і квітнеючай краіны ператварылася ў жорсткую і аўтарытарную дзяржаву, у якой адбываецца гуманітарны і эканамічны крызіс. Палітычная дзейнасць у такіх умовах становіцца вельмі небяспечнай. Мачада больш за 20 гадоў змагаецца за правядзенне свабодных і сумленных выбараў, яна заснавала арганізацыю SUMATE, якая прапагандуе прынцыпы дэмакратыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.