Сейм Латвіі адклаў пытанне пра выхад з канвенцыі аб абароне жанчын

Латвія, ілюстрацыйнае фота

Латвія, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Сейм Латвіі на год адклаў пытанне пра выхад са Стамбульскай канвенцыі аб абароне жанчын. За такое рашэнне на пазачарговым пасяджэнні парламента прагаласавалі 53 дэпутаты, супраць — 18, перадаюць латвійскія СМІ.

Разглядаць гэтае пытанне будзе ўжо новы склад Сейма, бо на кастрычнік 2026 года ў краіне прызначаныя парламенцкія выбары.

Закон аб выхадзе са Стамбульскай канвенцыі латвійскі парламент прыняў 30 кастрычніка пасля бурных дэбатаў. Гэты крок выклікаў шмат крытыкі грамадстве, казалі, што ён інспіраваны Масквой. Прыхільнікі закона кажуць, што Стамбульская канвенцыя "падрывае традыцыйныя сямейныя ролі" — напрыклад, вызначэннем паняццяў "гендара" і "гендарнай ідэнтычнасці".

Прэзідэнт краіны Эдгарс Рынкевічс адмовіўся падпісваць дакумент, вярнуўшы яго на разгляд парламента. Ён жа прапанаваў пакінуць дакумент на разгляд наступнаму складу Сейма. Згодна з латвійскім заканадаўствам, пры паўторным прыняцці закона парламентам прэзідэнт краіны ўжо не зможа адмяніць яго. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.