Экс-выкладчыка БДУ асудзілі ў Азербайджане на 18 гадоў пазбаўлення волі

Ігбал Абілаў / Iqbal Əbilovun Hüquqlarını Müdafiə Komitəsi
18 гадоў пазбаўлення волі прызначыў суд у Азербайджане 35-гадоваму Ігбалу Абілаву, талышскаму даследчыку і былому выкладчыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пракурор, абвяшчаючы абвінавачанне, патрабаваў для навукоўца 19 гадоў зняволення.
Абілаў — грамадзянін Азербайджана, але з сямі гадоў жыў у Беларусі. Мужчына скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, у 2019-2022 гадах выкладаў у БДУ. Яго стрыечны брат — беларускі комік Ідрак Мірзалізадэ.
У 2024-м Абілава затрымалі, калі ён прыехаў у Азербайджан на вяселле сваяка. Яго абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе і ўзбуджэнні нацыянальнай варожасці. Суд над навукоўцам быў закрытым.
"Ігбал Абілаў — навуковец, інтэлектуал, творчая асоба. Дакладных доказаў яго віны не было прадстаўлена. Абвінавачванне было пабудавана на суб'ектыўных здагадках і інтэрпрэтацыях", — заявіў адвакат Абілава ў каментары "Каўказскаму вузлу". Абарона мяркуе, што навукоўца пераследуюць за даследаванне талышскай культуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.