“Могілкі наймітаў Дональда Трампа”: Іран супраць ЗША у Зангезурскім калідоры

Аліеў, Пашынян і Трамп падчас падпісання мемарандуму адносна лёсу Зангезурскага калідора / JAMnews
Іран выступіў супраць таго, каб ЗША кантралявалі Зангезурскі калідор. У адваротным выпадку дарога ператворыцца ў “могілкі наймітаў Дональда Трампа”, а не ў шлях, які належыць прэзідэнту ЗША, заявілі ў Тэгеране.
Улады Ірана заўсёды выступалі супраць стварэння Зангезурскага калідора. Яны лічаць, што гэта можа прывесці да перагляду межаў Ірана і распаду Арменіі, а таксама паставіць пад пагрозу бяспеку Паўднёвага Каўказа. У Тэгеране называюць сітуацыю палітычнай змовай супраць Ірана і суседніх краін:
“Іран будзе дзейнічаць у адпаведнасці з інтарэсамі бяспекі Паўднёвага Каўказа, разам з Расіяй ці без яе. Мы лічым, што Расія таксама стратэгічна супраць гэтага калідора”.
Дарадца вярхоўнага лідара Ірана перакананы, што Азербайджану не патрэбны асобны калідор, каб патрапіць у Нахічаванскую Аўтаномную Рэспубліку, паколькі ён можа выкарыстоўваць для сувязі тэрыторыю Ірана.
Надоечы ў Вашынгтоне Арменія, Азербайджан і ЗША дамовіліся пра лёс Зангезурскага калідора. На трохбаковай сустрэчы сабраліся прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян і амерыканскі лідар Дональд Трамп.
Трамп абвясціў аб падпісанні эксклюзіўнага пагаднення: маршрут, які праходзіць праз поўдзень Арменіі, пераходзіць пад кіраванне ЗША на 99 гадоў і атрымлівае новую назву — "Маршрут Трампа дзеля міжнароднага міру і росквіту".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.