Жонка Статкевіча падала ў міліцыю заяву аб яго знікненні

Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

Мікалай Статкевіч, архіўнае фота / Еўрарадыё

Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, увечары 14 верасня падала заяву ў міліцыю аб знікненні чалавека. Да таго прайшло трое сутак з таго часу, як Статкевіч знік з беларуска-літоўскай мяжы.

Як піша "Новая газета. Европа", заяву ў Марыны Адамовіч прынялі.

Зранку 15 верасня "Наша Ніва" напісала, быццам Статкевіч знаходзіцца ў той жа калоніі ў Глыбокім, з якой яго вывезлі 11 верасня. Але ў самой калоніі Марыне Адамовіч адмовіліся даць якую-небудзь інфармацыю пра месцазнаходжанне яе мужа. Пра гэта яна напісала ў сацсетках.

"Я буду шукаць яго ўсімі магчымымі спосабамі. Я вельмі спадзяюся, што ўгоду з амерыканцамі, у рамках якой палітзэкаў вывезлі з турмаў, рэжыму скасаваць ужо не захочацца. І гэта ўсяляе надзею, што Мікалай жывы і вернецца", — заявіла Марына Адамовіч у каментары журналістам.

Таксама марына адзначыла, што Статкевіч ніколі не пагодзіцца на дэпартацыю, і гэта нават не абмяркоўваецца:

"У нас гэта імператыўна, па змаўчанні, немагчыма. І ў 2015 годзе, калі Мікалай выйшаў пасля папярэдняга турэмнага тэрміну, велізарная колькасць людзей на вуліцах падыходзілі да яго, каб паціснуць руку, і ці ледзь не кожны пытаўся: "Ну вы ж не з'едзеце? Вы ж нас не кінеце?" Мікалай заўсёды адказваў, што нікуды не з'едзе. І, натуральна, мы гэта нават не абмяркоўвалі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.