ЗША не прасілі Літву зняць санкцыі з беларускага калію

Беларускі калій

Беларускі калій / LookByMedia

Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што яе краіна не адчувае ціску з боку ЗША ў пытанні зняцця санкцый з беларускага калію.

"Ніколі не было ніякай просьбы разглядаць аднаўленне транзіту праз Літву. Але калі такая просьба паступіць — мы яе разгледзім. Калі з’явіцца такі крок, тады зможам ацаніць і абмеркаваць. На сёння пра гэта нават не ідзе гаворка",сказала прэм’ер-міністр Літвы ў інтэрв’ю тэлеканалу TV3.

Інга Ругінене падкрэсліла, што адносіны Літвы з ЗША застаюцца добрымі, а дыпламатычная падтрымка саюзніка ў пытанні процідзеяння гібрыднай атацы Беларусі супраць Літвы мае надзвычай важнае значэнне.

"Мы не павінны забываць, што пры вырашэнні дыпламатычных пытанняў у нас ёсць канкрэтны саюзнік. У дадзеным выпадку, калі гаворка ідзе пра Беларусь, — гэта амерыканцы", — адзначыла яна.

У снежні 2025 года ЗША знялі санкцыі з беларускага калію ў абмен на вызваленне чарговай групы беларускіх палітвязняў, сярод якіх было шмат вядомых асобаў, у тым ліку нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, што адміністрацыя былога прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ўвяла санкцыі супраць беларускіх калійных угнаенняў у 2021 годзе. У 2022 годзе санкцыі ўвёў і Еўрапейскі саюз. У той жа год "Літоўскія чыгункі" скасавалі дамову на транзіт угнаенняў у адпаведнасці з рашэннем урада Літвы, у якім гаварылася, што "Беларуськалій" уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.