Алесь Бяляцкі пра тое, як зняволеныя прасілі ў яго аўтограф пасля “нобелеўкі”

Алесь Бяляцкі да затрымання

Алесь Бяляцкі да затрымання

Калі праваабаронца знаходзіцца ў турме, ён працягвае працу, кажа нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. Вывезены з Беларусі палітвязень, стваральнік праваабарончага цэнтра “Вясна” даў вялікае інтэрв’ю праекту TOK.

“Гэта пэўны парадокс. Ты сядзіш, дзень за днём у цябе ўсё аднастайнае, ты знаходзіўся ўвесь час пад ціскам, ты не можаш атрымліваць ніякую інфармацыю, не можаш працаваць, як працаваў раней, са сваімі сябрамі, ты адлучаны ад сям’і. Але гэта ёсць працяг працы. Ну як цябе паслалі кудысьці, і ты мусіш адпрацаваць. Само знаходжанне праваабаронцы ў турме — гэта выразны паказчык таго, што сітуацыя з правамі чалавека ў краіне ненармальная”, — кажа Бяляцкі.

Бяляцкі адбываў тэрмін у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён распавёў, як складваліся адносіны з іншымі зняволенымі, асуджанымі па крымінальных, непалітычных артыкулах. Некаторыя нават прасілі ў нобелеўскага лаўрэата аўтограф. Бяляцкі выбачыўся і патлумачыў: калі зняволенага “зловяць” з гэтым аўтографам, дрэнна будзе і ўладальніку аўтографа, і нобелеўскаму лаўрэату. І прапанаваў даць аўтограф ужо на волі.

Ён распавёў, што слухаючы навіны па тэлебачанні, апалітычныя вязні часам не маглі зразумець, што адбываецца. З аднаго боку прэзідэнт ЗША Дональд Трамп марыць пра Нобелеўскую прэмію міра. З іншага — нобелеўскі лаўрэат сядзіць у няволі ў беларускай калоніі!

“У людзей часам гэта выклікала дысананс”, — кажа Бяляцкі.

Ён упэўнены, што само знаходжанне ў турмах палітвязняў шмат каго з іншых зняволеных ачалавечыла.

Цалкам інтэрв’ю Бяляцкага можна паглядзець тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.