За кратамі Алесь Бяляцкі напісаў дзве кнігі ўспамінаў
Алесь Бяляцкі рабіў запісы на судзе
У дзень вызвалення ў Алеся Бяляцкага забралі ўсе рукапісы і нешматлікія лісты, якія дайшлі да яго за час зняволення. Пра гэта нобелеўскі лаўрэат і былы палітзняволены расказаў у інтэрв'ю DW.
Сярод забраных у Бяляцкага рукапісаў былі дзве напісаныя ім кнігі ўспамінаў.
Гэтыя дзеянні ён параўнаў з перыядам сталінскіх рэпрэсій: "Такія рэчы нагадваюць 1930-я гады, калі, як мне распавядалі, палілі рукапісы, запісы, кніжкі беларускіх пісьменнікаў у 1937 годзе. Гэта ўсё адбывалася ў двары КДБ ці ў двары "Валадаркі". Знішчалася памяць людзей, іх перапіскі, іх эмоцыі".
Пра тое, што ў турмах канфіскуюцца рукапісы, раней расказвалі экс-палітвязні Уладзімір Мацкевіч, Генадзь Фядыніч ды іншыя. Вядома, што чарнавік кнігі забралі, напрыклад, у старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва. У журналіста Ігара Карнея забралі ўсе дзённікі, нататнікі і сшыткі.