Жанчына, якая зняла грошы з чужой карткі, сама звярнулася ў міліцыю
Жанчына, якая зняла грошы з чужой банкаўскай карткі, сама звярнулася ў міліцыю. Як інфармуе прэс-служба міліцыі Мінскага раёна, яна даведалася пра тое, што яе шукаюць, ад знаёмых — у інтэрнэце з’явілася фота і відэа. Раніцай 9 лютага жанчына патэлефанавала ў крымінальны вышук Бараўлянскага аддзела міліцыі. Прававую ацэнку яе дзеянням у бліжэйшы час дасць Следчы камітэт.
Здарэнне адбылося 12 студзеня. Жыхарка пасёлка Лясны забылася ў аўтобусе 143-га маршрута сваю сумку. Калі гэта заўважыла, яна разам з мужам паехала на дыспетчарскую станцыю, але там сказалі, што пакінутых у салоне рэчаў ім не прыносілі. Аднак кіроўца аўтобуса згадаў, што пра знойдзеную сумку яму паведаміла нейкая жанчына, і яна мусіла яе занесці ў дыспетчарскую. Неўзабаве жыхарка Ляснога атрымала на свой мабільны тэлефон SMS — нехта зняў з карткі 250 рублёў. У сумцы разам з ёй быў канверт з ПІН-кодам, і зламысніца гэтым скарысталася. Міліцыянерам яна пазней раскажа, што сапраўды хацела аднесці сумку ў дыспетчарскую, але ў апошні момант перадумала. У бліжэйшым банкамаце зняла з карткі амаль усе грошы. Іншыя рэчы жанчына выкінула ў сметніцу.