Жанчына праз суд атрымала 15 млн кампенсацыі за незаконнае звальненне

Суд Добрушскага раёна прызнаў незаконным звальненне майстра мясцовага парцалянавага завода Ганны Давыдавай і аднавіў яе на працы. Наймальнік абавязаны выплаціць сярэдні заробак за час вымушанага прагулу — амаль 15 млн рублёў.

Ганну Давыдаву звольнілі за тое, што яна не пракантралявала свайго падначаленага, які з’явіўся на працы ў нецвярозым стане. Майстар ужо мела да гэтага заўвагу, і наймальнік палічыў, што яе можна пазбавіць працы за сістэматычнае невыкананне працоўных абавязкаў. Аднак у судзе ўдалося даказаць, што падначалены прыйшоў на працу цвярозым, а алкаголь ужыў падчас абедзеннага перапынку. Абараніць свае правы жанчыне дапамог прававы інспектар незалежнага Беларускага прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка:

“На змене, якую кантралявала майстар Ганна Давыдава, працуе недзе 60-70 чалавек. І, канешне, кожную хвіліну майстар не можа падысці да кожнага працоўнага ды панюхаць, ужываў ён спіртныя напоі ці не”.

З пазіцыяй прафсаюза пагадзіўся суд, а таксама пракурор Добрушскага раёна, які прысутнічаў у судзе.

Фота: Fotolia