Здароў, зброя! Ці патрэбнае беларусам права на караткаствол у кабуры?
"Рамантычны флёр ад валодання зброяй хутка мінае, застаецца аліўная пляма на штанах і спецыфічны смурод" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Права амерыканцаў на нашэнне і захоўванне зброі замацаванае ў другой папраўцы да Канстытуцыі. Першая гарантуе свабоду слова.
Калі беларусы выб'юць сабе свабоду слова, ці трэба ім будзе адваяваць ва ўяўнай новай беларускай дзяржавы яшчэ і права на зброю?
Зброя ў Беларусі легальная ўжо цяпер
Проста цяпер у нас у краіне жыве 125 тысяч паляўнічых, і на руках у кожнага з іх ёсць хаця б адзін ствол. Акрамя паляўнічай у Беларусі дазволеныя спартыўная зброя і газавая — для самаабароны.
— У мяне дома захоўваецца некалькі адзінак зброі, — расказвае Еўрарадыё паляўнічы Алег [імя змененае]. — Калі чалавек не можа сабе купіць першы ствол, спасылаючыся на праблемы з атрыманнем дазволу, ён ці гультай, ці падманвае.
Што трэба зрабіць? Пайсці ў паліклініку і прайсці медагляд — гэта займае прыкладна гадзіну. З атрыманай даведкай трэба ісці ў міліцыю па месцы жыхарства. Праз месяц табе выдадуць дазвол на набыццё зброі.
Потым участковы прыйдзе да цябе дадому праверыць, у якіх умовах жывеш, ці не алкаш ты, ці не вядзеш антысацыяльны лад жыцця і ці ёсць у цябе дома магчымасці нармальна захоўваць зброю. І пасля гэтага ты зноў пойдзеш у міліцыю — ужо каб зарэгістраваць свой ствол.
Штогод да цябе будзе прыходзіць участковы, каб праверыць умовы захоўвання зброі. Мяне гэта абсалютна не напружвае: зайшоў, паглядзеў, пайшоў. Якія праблемы? Ці патрэбныя нейкія паслабленні ў спісе гэтых працэдур? Не бачу неабходнасці.
Ці могуць канфіскаваць "сайгу", калі ўчастковы палічыць цябе нядобранадзейным? Алег кажа, у асяроддзі паляўнічых хадзілі чуткі, што ў тых з іх, каго затрымлівалі на пратэстах, былі праблемы з падаўжэннем дазволу. Але сам наш суразмоўца з такімі праблемамі не сутыкаўся.
Калі зброя ўжо легальная, што яшчэ дазваляць?
Калі кажуць пра паслабленне законаў што да зброі, часцей за ўсё маюць на ўвазе дазвол на нашэнне караткаствольнай зброі.
— То-бок гаворка пра "пісталет у кішэні". Умовы набыцця такой зброі мусяць быць больш сур'ёзныя, чым для паляўнічай або спартыўнай. І так, калі б заканадаўча была такая магчымасць, я б купіў сабе пісталет і насіў бы яго. Я лічу, што гэта дысцыплінуе — як чалавека, так і грамадства, — кажа Алег.
Але насіць пісталет у кішэні беларусам нельга. Таму некаторыя для аховы дома купляюць менавіта паляўнічую зброю, кажа Алег. Наогул "некаторыя" — гэта даволі многія, бо са 125 тысяч паляўнічых, зарэгістраваных у краіне, палюе толькі траціна.
— У астатніх ствол проста ляжыць. Для чаго? Ну, не ведаю, для чаго ён у іх ляжыць. Але выкарыстоўваць яго для аховы дома я б не стаў — гэта цягне сур'ёзныя крымінальныя наступствы. У судзе будзе складана даказаць, што вы абараняліся. Каб выкарыстоўваць зброю для абароны дома і сям'і, патрэбныя адпаведныя законы.
А яшчэ культура абыходжання са зброяй, кажа Алег. Бо "рамантычны флёр" ад валодання пісталетам хутка мінае.
— Насамрэч пісталет — гэта страшна нязручна. Вечна адтапыранае адзенне, аліўная пляма на штанах, смурод — зброя пахне асаблівым чынам. І калі яна надакучвае, то перамяшчаецца ў шуфляду (гэтага катэгарычна нельга рабіць), у схоўку аўтамабіля — а потым проста пакрываецца пылам, і пра яго забываюць. Так што для большасці людзей сэнсу ў такой зброі я не бачу.
І ўсё роўна, як на мяне, магчымасць набыць зброю (за выключэннем аўтаматычнай) у чалавека мусіць быць. Але спачатку трэба паставіць перад ім паласу перашкод. І калі зброя табе сапраўды патрэбная — для самаабароны, для абароны сваёй сям'і — ты гэтую паласу пройдзеш. А калі не патрэбная, спатыкнешся на першым жа бар'еры і скажаш "ды ну нафіг".
У Беларусі для самаабароны дазволеная газавая зброя, але тут таксама прасцей сказаць "ды ну нафіг". Газавая зброя стварае падманнае адчуванне абароненасці, у выпадку канфлікту яна можа хіба што раззлаваць праціўніка. Нават супраць сабак яе выкарыстоўваць кепская ідэя: вочы газам можа заліць менавіта вам. І з патронамі да такога пісталета таксама будуць пастаянныя праблемы.
Затое ўчастковыя з праверкамі да вас будуць прыходзіць так рэгулярна, нібыта ў сейфе ў вас не газавы пісталет, а тры "сайгі". Калі "на раёне" нешта здарыцца, участковы будзе яшчэ і назвоньваць вам і высвятляць, дзе вы былі ў гэты час. Таму праз некалькі гадоў валодання газавым пісталетам некаторыя ўладальнікі проста аддаюць яго ў МУС.
“У Нью-Ёрку пісталет на поясе не носяць, але ёсць “каўбойскія штаты”
Калі мы стэлефанаваліся з нью-ёркскім праваабаронцам, бізнес-менеджарам Sharova Law Firm Дзмітрыем Наскаўцом, ён ішоў па Мэдысан-авеню. На Мэдысан-авеню не страляюць — там знаходзяцца офісы Burberry, Tom Ford і Roberto Cavalli.
— Перад некаторымі дамамі вуліцу мыюць з шампунем, у кожным холе сядзіць швейцар, а ў ліфце — яшчэ адзін. Якія пісталеты? Ніхто з тых, хто жыве тут, ніколі не выступіць за легалізацыю зброі. Людзі проста не разумеюць, навошта гэта трэба, бо думаюць, што ўсе за межамі Мэдысан-авеню жывуць гэтак жа.
Але жанчына, якая жыве ў інтэрнаце побач з прадаўцамі наркотыкаў, відавочна думае інакш. Я заўважыў, што чым бліжэй да бяспечнага раёна жыве чалавек, тым менш ён разумее, навошта патрэбная зброя, — расказвае Дзмітрый.
Калі гаворка заходзіць пра зброю, аказваецца, што Нью-Ёрк — не сапраўдная Амерыка. Мэрыя тут вельмі ўскладніла працэс абароту зброі.
Не, зброю ў Нью-Ёрку купіць можна, і ёсць спецыялізаваныя крамы — але для гэтага давядзецца пераканаць гарадскія ўлады, што яна вам сапраўды патрэбная. Напрыклад, вы працуеце з гатоўкай або маеце ювелірную майстэрню і захоўваеце вырабы дома.
— Да нас у бюро звяртаўся чалавек, у якога ў хатнім сейфе знайшлі пісталет. Дазволу на нашэнне зброі ў яго не было. Паліцыянты спыталі: навошта табе пісталет? Ён адказаў: у 80-я — 90-я раён, у якім я жыву, быў вельмі небяспечным. І з тых гадоў пісталет у мяне ляжыць для самаабароны. Гэтага чалавека адправілі ў турму на два гады.
"Сапраўдная" Амерыка пачынаецца адразу ж за Нью-Ёркам, у прыгарадзе. Там жыве прыяцель Дзмітрыя. У сваім "вясковым" доме на Лонг-Айлэндзе ён захоўвае 12 адзінак зброі.
— Вінтоўкі, вінчэстары, аўтаматы з выключанай сістэмай аўтаматычнай стральбы. І нават савецкі наган — вінтоўка, якая была ў кожнага салдата падчас Другой сусветнай вайны. Ён купіў яе за 300 долараў у сябе на раёне. Неяк мы загрузілі гэтыя 12 адзінак у багажнік, паехалі ў цір — і дзве гадзіны там гасілі.
А вось калі Дзмітрый упершыню прыехаў у штат Пенсільванія, то, прызнаецца, быў напалоханы. У звычайнай прадуктовай краме малады чалавек расстаўляў па паліцах малако, а на поясе ў яго вісела кабура з рэвальверам.
— Я на той момант толькі нядаўна пераехаў, і пытаюся ў мясцовых — гэта што за бздура? Яны мне: А чаго ты здзіўляешся? Мы каўбоі, у нас так прынята. І гэта ўсяго за дзве гадзіны язды ад Манхэтэна.
А ёсць зусім "каўбойскія" штаты — Тэхас, Агаё. Там можна проста пайсці на выставу зброі і, паказаўшы толькі правы кіроўцы, купіць сабе вінчэстар ці аўтамат. Яго проста запісваюць на тваё імя — і ўсё, прададзена. Многія набытыя такім чынам вінчэстары потым усплываюць на чорным рынку ў Нью-Ёрку, і гэта вялікая праблема для паліцэйскіх.
У тых рэгіёнах, дзе падтрымліваюць Трампа, дзе жыве рабоча-сялянскае насельніцтва, на зброю трацяць шмат грошай. Там нават дзяўчатам на 18-годдзе дораць вінтоўку.
Там людзі любяць зброю — але не як інструмент, з якога можна забіць, а як дасканалы з пункту гледжання тэхнічнай інжынерыі прадмет. Яны яго разбіраюць, чысцяць, размаўляюць пра яго, купляюць для яго рэдкія патроны. Гэта хобі, а не толькі інструмент самаабароны.
А ў ліберальных штатах, дзе ва ўладзе дэмакраты, зброю не вельмі любяць. Усё ж прагрэсіўная ідэя палягае на тым, што зброя — гэта бязглуздзіца і з ёй трэба завязваць. У Вашынгтоне поўным ходам ідзе рэклама ідэі адмовы ад зброі.
Валерый Кавалеўскі тлумачыць, чаму ў бок ЗША лепш не глядзець
У Пераходным кабінеце Святланы Ціханоўскай пытанне легалізацыі зброі ў "новай Беларусі" не абмяркоўвалі, прызнае прадстаўнік Кабінета Валерый Кавалеўскі. Сам ён доўгі час жыў у ЗША, але не лічыць, што досвед Штатаў рэлевантны для Беларусі.
— Там інакш, чым у Беларусі, фармаваліся і дзяржава, і культура абыходжання са зброяй. У гэтым пытанні ёсць сэнс глядзець на нашых суседзяў, чый гістарычны досвед бліжэйшы і больш зразумелы беларусам і хто ў гэтым пытанні прасунуўся далей за нас.
Валоданне зброяй абсалютна свабодным быць не можа. Але ў краінах, дзе культура валодання зброяй, як і заканадаўства ў гэтай сферы, добра выбудаваныя, гэта не шкодзіць — наадварот, умацоўвае ўпэўненасць грамадства ў дэмакратычных інстытуцыях.
Гэта дае вялікую ўпэўненасць грамадства ў тым, што не здарыцца сітуацыя, пры якой адзін чалавек прыйдзе да ўлады і ўсталюе свой рэпрэсіўны рэжым, падпарадкуе грамадства сваёй волі. У той жа Канстытуцыі ЗША напісана, што валоданне зброяй — спосаб недапушчэння тыраніі.
Добраахвотнік: “На табе зброя” значыць “на табе адказнасць”
— Гатоўнасць да дзеяння, рашучасць, маральная стойкасць — у гэтым сіла. А сама па сабе вінтоўка — гэта проста 3,5 кілаграма жалеза, — кажа беларускі добраахвотнік Замежнага легіёна з пазыўным Вавёрка. Ён ваюе ва Украіне ўжо паўтара года. — Украінцы ваююць за сваю краіну не таму, што ў іх ёсць вінтоўкі, а таму, што адчуваюць адказнасць за яе, бо яны яе грамадзяне.
Вавёрка ніколі не рыхтаваўся да вялікай вайны, не думаў, што ў яго жыццё прыйдзе вялікая вайна. Таму, калі ездзіў у Вільню, дзе законы пра абыходжанне са зброяй больш лаяльныя, чым у Беларусі, хадзіў у цір страляць з пісталета — проста таму, што падабалася страляць з пісталета.
— З пачаткам вайны стаўленне да зброі не змянілася, хіба што з'явілася новая звычка: цяпер я мушу заўсёды бачыць, дзе знаходзіцца мая зброя. Звычайна гэта месца побач з ложкам. Калі ты проста цяпер на першай лініі — значыць, твая зброя на табе. Кладзешся спаць — рукой у цемры правяраеш: ага, вось мая браня — разгрузачны пояс, бронік і каска. А вось мая вінтоўка.
Важнае і выхаванне культуры абыходжання са зброяй. У ваенны час жорстка спыняюцца любыя канфлікты паміж узброенымі людзьмі. Бо канфлікты паміж двума ўзброенымі людзьмі могуць скончыцца не бойкай, а стральбой.
Лёгка дапусціць, што наяўнасць зброі магла б абараніць беларусаў ад самавольства сілавікоў (у тым ліку ад патэнцыйных палепшаных сілавікоў "новай Беларусі"). Але магчымая і адваротная сітуацыя. Дзмітрый Наскавец кажа, што менавіта наяўнасць у амерыканцаў зброі правакуе ў паліцэйскіх параною — а з ёй і паліцэйскае самавольства.
— Так, у ЗША паліцэйскія страляюць часта. Яны ведаюць, што на вуліцах шмат зброі, што яе шмат і на чорным рынку. Таму паліцэйскі заўсёды мае на ўвазе, што і яго самога могуць прыстрэліць. Праз велізарную колькасць зброі развіваецца і велізарная параноя.
“У Агаё страшна апынуцца на ганку чужога дома”
Мы спыталі ў Дзмітрыя Наскаўца, дзе ён адчувае сябе бяспечней: у Нью-Ёрку, дзе зброі няма ні ў яго, ні ў большасці іншых жыхароў горада — ці ў Агаё, дзе ў кожным доме на сцяне з дзясятак ствалоў?
— Наогул у Агаё бяспечна. Звычайнае вясковае спакойнае жыццё. Небяспека пачынаецца ў прыватным сектары. Напрыклад, калі табе трэба даставіць нешта на тэрыторыю дома і пастукаць у дзверы. Такіх сітуацый я б баяўся.
Людзі прывыклі сядзець дома, гасцей і сяброў амаль няма — і тут хтосьці ўрываецца. Хутчэй за ўсё, у доме ёсць зброя. А калі гаспадар дома паспеў выпіць? А калі яму нешта падалося? Ён праўда можа пачаць страляць — і такіх злачынстваў у Штатах здаралася шмат. Так што так, у Нью-Ёрку я адчуваю сябе ў большай бяспецы, чым у прыватным сектары Агаё.
Але зноў жа, у Амерыцы ў цэлым бяспечна. Гісторыі пра чорныя раёны, дзе на цябе абавязкова нападуць і заб'юць — гэта легенда.
Вавёрка лічыць, што ў беларусаў мусіць быць магчымасць, прайшоўшы пэўныя этапы, атрымаць дазвол на валоданне стралковай зброяй.
— Пісталетам, вінтоўкай, драбавіком. Не думаю, што гэта істотна павялічыць узровень злачыннасці. Бо зброя — гэта проста інструмент, з дапамогай якога чалавек рэалізуе тое, на што гатовы пайсці. Гатовы пайсці на злачынства — пойдзе на яго і з нажом, і з дзедавым абрэзам.
У чалавека мусіць быць дазвол на валоданне, захоўванне і транспартаванне зброі, каб ты мог паехаць з ім на стрэльбішча. Іншае пытанне — як рэгуляваць нашэнне зброі. Найперш гаворка ідзе пра пісталеты. Каму даць магчымасць атрымаць ліцэнзію на схаванае або адкрытае нашэнне зброі? У тых жа ЗША ў розных штатах гэтае пытанне рэгулюецца па-рознаму.
Я не ведаю, як зрабіць правільна. Ёсць хіба што цьмянае адчуванне, што нашэнне зброі можна дазволіць армейскім афіцэрам або, да прыкладу, журналістам, якія пішуць на вострыя тэмы.
Rand Corporation — пазапартыйны амерыканскі некамерцыйны аналітычны цэнтр — прааналізаваў шэраг даследаванняў, якія вывучаюць узаемасувязь паміж законамі пра схаванае нашэнне зброі і колькасцю гвалтоўных злачынстваў:
"Некаторыя даследаванні паказваюць, што законы пра права на схаванае нашэнне зброі скарачаюць колькасць гвалтоўных злачынстваў. Іншыя — што наступствы прыняцця такіх законаў нязначныя. А трэція — што такія законы павялічваюць гвалтоўныя злачынствы. Мы заключаем, што немагчыма прыйсці да якой-кольвек навукова абгрунтаванай высновы".
Дзмітрый Наскавец мяркуе, што ў Беларусі можна прышчапіць культуру абыходжання са зброяй — урэшце, шмат у каго была вайсковая спецпадрыхтоўка ў школе.
— Але часцей за зброю легалізуюць у прагрэсіўных краінах — у Швейцарыі, у Швецыі. Баюся, у Беларусі паслабленне законаў у гэтай сферы прывяло б да росту колькасці няшчасных выпадкаў.
Ды і не думаю, што гэта знайшло б разуменне ў грамадстве. Нагадваю, у ЗША права на нашэнне і валоданне зброяй замацаванае ў Канстытуцыі, напісанай у XVIII стагоддзі людзьмі, якія бачылі недахопы старых еўрапейскіх імперый і спрабавалі іх выправіць. У нас будзе складана растлумачыць, навошта можа спатрэбіцца такая папраўка ў Канстытуцыю.
Ды і наогул не думаю, што варта падымаць такое пытанне раней, чым зменіцца ўлада. Ці трэба легалізаваць зброю для аднаўлення прававой дзяржавы? Не, не трэба.