Занятак у трэнажорнай зале, якія загадаў будаваць Лукашэнка, каштуе 100 тысяч
Наведаўшы 12 лістапада ў Мінску новы дзяржаўны фізкультурна-аздараўляльны комплекс “Мандарын”, Лукашэнка даў зразумець, што такія праекты могуць змяніць ранейшую моду на лядовыя палацы.
Кіраўнік дзяржавы загадаў кіраўніку Мінгарвыканкама Андрэю Шорцу наладзіць выпуск беларускіх трэнажораў і скапіяваць з “Мандарына” будучыя аналагічныя комплексы.
Прыязджаем у ФАК на наступны дзень пасля Лукашэнкі і знаёмімся з цэнамі. Адно наведванне трэнажорнай залы для дарослага — 100 тысяч. Месячны абанемент — 830 тысяч. Калі хадзіць па раніцах ці ў першай палове дня, цэннік змяншаецца.
Абанемент на 12 заняткаў (месяц трэніровак) у фітнэс-зале ці зале адзінаборстваў каштуе 590 тысяч.
Наведванне аквазоны (басейн, джакузі, саўна) цягам трох гадзін, каб спаўна насядзецца, на чалавека каштуе 250 тысяч.
Кошты, натуральна, не сацыяльныя. Але абсталяванне ў “Мандарыне”, трэба пагадзіцца, выглядае якасным і сучасным.
Комплекс збудавала дзяржаўная кампанія “Аква-Мінск”, якая ўзводзіла аквапарк “Лябяжы”. Таму кошты арыентаваны не на сярэдні беларускі кашалёк.
Калі бацькі зарабляюць на дваіх 14 мільёнаў і гадуюць дваіх дзяцей, то за наведванне аквазоны ў такім дзяржаўным комплексе за дзве гадзіны трэба будзе аддаць каля 640 тысяч. Гэта без заходу ў кавярню, якіх у комплексе аж некалькі. Пагадзіцеся, атрымліваецца не так і танна.
Нягледзячы на гэта, ідэя з развіццём комплексаў кшталту “Мандарына” выглядае грунтоўнай. Утрымліваць іх куды больш рэнтабельна, чым лядовыя палацы, а мэтавая група кліентаў пашырыцца: далёка не кожны любіць займацца спортам на каньках.
Адкрыццё комплексу, мяркуючы па тэлесюжэтах, выглядала паказушным. Але на наступны дзень Еўрарадыё ўпэўнілася, што людзі прыходзяць сюды даволі ахвотна.