Замежныя спевакі адмаўляюцца ад канцэртаў 8 жніўня ў Беларусі

Замежныя артысты адмовіліся ад выступаў на праўладных канцэртах у Беларусі 8 жніўня.
Напярэдадні выбараў беларускія ўлады абвясцілі пра шэраг вулічных канцэртаў у розных гарадах краіны. На іх меліся выступаць у тым ліку запрошаныя замежныя зоркі. Пасля гэтага беларусы проста атакавалі старонкі артыстаў у сацсетках з просьбай не ехаць на канцэрты 8 жніўня, каб не ўдзельнічаць у агітацыі за кіраўніка дзяржавы.
Ад выступаў у Беларусі адмовіліся рэпэр Tyga, Леанід Агуцін, Грыгорый Лепс, гурты Rasa, "Кар-Мэн", дуэт Джаро і Ханзо, Юліяна Каравулава, Ціна Караль, спявак Мэўл.
Да амерыканскага рэпера Tyga звярнулася амерыканская праваабарончая арганізацыя Human Rights Foundation і папрасіла скасаваць канцэрт, арганізаваны ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
Расійскі спявак Леанід Агуцін спытаўся ў сацсетках у сваіх прыхільнікаў, ці варта яму прыязджаць. Пасля гарачага абмеркавання артыст паведаміў, што не прыедзе.
Haddaway наогул не ведаў, што выступае 8 жніўня ў Гомелі. Як і ўкраінскі выканаўца Павел Зіброў: у размове з "Грамадскім" ён сказаў, што нічога не ведае пра свой выступ у Бабруйску, да таго ж у Беларусь цяпер ехаць небяспечна:
"Шчыра кажучы, страшнавата зараз ехаць, таму што там знайшлі гэтага "Вагнера", недзе яшчэ баевікі хаваюцца. Хто ведае, што там будзе і якія хваляванні. Таму не вельмі хочацца, я б яшчэ падумаў, ці ехаць".
Паводле падлікаў Паўла Белавуса, беларусам удалося "адмяніць" восем праўладных канцэртаў у абласных і буйных раённых гарадах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.