Замежнікаў, якія біліся ў цэнтры Гомеля, дэпартуюць з Беларусі

Затрыманы ўдзельнік бойкі / МУС
Мараканцаў, якія біліся ў цэнтры Гомеля, дэпартуюць з Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС.
Ролік з жорсткай бойкай замежнікаў у цэнтры Гомеля некалькі тыдняў таму выклікаў вялікі рэзананс. На відэа было бачна, як два чалавекі б'юцца, а трэці нерухома ляжыць на асфальце.
Многія карыстальнікі сацсетак выказвалі меркаванне, што гэта пакістанцы, прыезд якіх у Беларусь анансаваў Лукашэнка. Міліцыя, аднак, заявіла, што гэта мараканцы, і папярэдзіла пра адказнасць за распальванне міжнацыянальнай варажнечы ў каментарах.
Удзельнікаў бойкі высветлілі і затрымалі. На час разбіральніцтва ўсіх трох замежнікаў пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Іх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку, а таксама вырашана дэпартаваць іх з Беларусі.
"Працэдуры публічных высылак праведзеныя па месцах навучання, а таксама ў тэрытарыяльным падраздзяленні міліцыі", — рапартуюць у МУС.
Паведамляецца, што замежнікі пакінуць Беларусь бліжэйшы часам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.