Залевы, град і шквалісты вецер чакаюцца ў Беларусі ў пятніцу

Град, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У пятніцу, 6 чэрвеня, у Беларусі прагназуецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, паведамляе Белгідрамет.
На большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы. У асобных раёнах пры навальніцах чакаюцца моцныя залевы, удзень — град. Вецер будзе паўднёва-заходні ўмераны, удзень пры навальніцах месцамі чакаецца шквалістае ўзмацненне ветру. Яго парывы дасягнуць 15-20 метраў за секунду, а ў асобных раёнах — 21-24 метраў за секунду. У тым ліку навальніца са шквалістым ветрам прагназуецца і ў Мінску.
Сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
Тэрмометры ўначы пакажуць 14-20 градусаў вышэй за нуль. Удзень чакаецца +23...+29, у паўднёва-ўсходніх раёнах будзе 30-32 градусы цяпла.
Дажджлівае надвор'е з навальніцамі захаваецца і ў выходныя. Пры навальніцах чакаецца парывісты вецер.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.