Законапраект аб дапамозе Украіне ў Кангрэсе ЗША разгледзяць на гэтым тыдні
Вайна ва Украіне / facebook.com/GeneralStaff.ua
Законапраект аб дапамозе Украіне ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША разгледзяць на гэтым тыдні. Мяркуецца, што гэта будзе асобны дакумент, паведамляе Reuters.
Як заявіў спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан, законапраекты аб дапамозе Украіне, Ізраілю, Тайваню разгледзяць у выглядзе асобных дакументаў. Чацвёртым будзе законапраект аб нацыянальнай бяспецы ЗША. Дагэтуль чакалася, што будзе разгляд агульнага законапраекта, за які ў лютым прагаласаваў Сенат. Аднак Палата прадстаўнікоў за два месяцы не разгледзела яго.
"Людзі сочаць за тым, ці зможа Амерыка ўстаць на абарону сваіх саюзнікаў, абараняючы свае інтарэсы па ўсім свеце. І мы гэта зробім", — абяцае Джонсан. Рэспубліканцаў, якія маюць большасць у Палаце прадстаўнікоў, прыспешыла нядаўняя атака Ірана на Ізраіль, але не сітуацыя ва Украіне, якая патрабуе неадкладнай дапамогі.
У агульным законапраекце на 95 млрд долараў на дапамогу Украіне прадугледжвалася $60 мільярдаў, Ізраілю — $14 млрд. Майк Джонсан адзначыў, што ў асобных законапраектах захаваюцца прыблізна тыя ж сумы, але некаторыя сродкі будуць прадастаўляцца "ў якасці крэдыту".
Публікацыя асобных законапраектаў адбудзецца ў аўторак, а галасаванне можа прайсці ў пятніцу. Пакуль невядома, як на "праект Джонсана" адрэагуе Белы дом. Раней там заяўлялі, што не падтрымаюць прыняцця асобнага законапраекта па дапамозе Ізраілю без выдзялення 60 млрд долараў Украіне.