ЕС выдасць Украіне крэдыт у 90 млрд еўра

Еўрасаюз і Украіна, ілюстрацыйнае фота

Еўрасаюз і Украіна, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Еўрасаюз выдасць Украіне крэдыт у 90 млрд еўра, але не за кошт расійскіх актываў.

Еўрасавет вырашыў даць вялікую пазыку пад забеспячэнне бюджэтных сродкаў ЕС, самі грошы будуць знойдзеныя на рынках капіталу.

"У нас ёсць здзелка. Рашэнне аб выдачы Украіне падтрымкі памерам 90 мільярдаў еўра на 2026-2027 гады адобрана. Мы абавязаліся, мы выканалі",цытуе hromadske.ua словы старшыні Еўрапейскага савета Антоніу Кошты.

ЕС планаваў выдаць крэдыт пад забеспячэнне расійскіх замарожаных актываў. Аднак гэтая ідэя правалілася: з ёй не былі згодныя некалькі краін, а для такога рашэнне патрэбны быў кансэнсус. Крытыкі заяўлялі, што перадача расійскіх актываў можа негатыўна паўплываць на давер да ЕС на рынку і прывесці да негатыўных наступстваў.

У схеме фінансавання Украіны праз крэдыт не будуць удзельнічаць Венгрыя, Славакія і Чэхія.

Расійскія актывы застануцца замарожанымі да таго часу, пакуль не скончыцца вайна і Украіне не будзе выплачана кампенсацыя. Адпаведна, крэдыт афіцыйны Кіеў пачне выплачваць пасля атрымання рэпарацый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.