Ва Украіне прынялі закон аб прававым статусе добраахвотнікаў

Каліноўцы, ілюстрацыйнае фота

Каліноўцы, ілюстрацыйнае фота / facebook.com/belwarriors

Вярхоўная Рада Украіны прыняла ў другім чытанні і ў цэлым законапраект, які рэгулюе прававы статус і медыцынскае забеспячэнне замежных добраахвотнікаў, якія служаць па кантракце. За яго прагаласаваў 291 дэпутат.

Гэты дакумент абнаўляе правілы афармлення дакументаў для замежнікаў і апатрыдаў на службе Украіны, а таксама прыводзіць заканадаўства ў адпаведнасць з прынцыпамі роўнасці і справядлівасці. Ён гарантуе асобныя сацыяльныя гарантыі, раней недаступныя замежным добраахвотнікам.

Замежнікам, якія законна заключылі кантракт на ваенную службу, будуць афармляцца віды на часовае пражыванне на тэрмін дзеяння кантракту і яшчэ на тры месяцы пасля яго спынення (за выключэннем асобных выпадкаў скасавання). Таксама закон вызначае пералік дакументаў, неабходных для атрымання такога віду на жыхарства.

Для афармлення часовага пражывання можна будзе падаваць пашпарты са скончаным тэрмінам дзеяння або тыя, што падлягаюць абмену. Гэта магчыма, калі па новы пашпарт трэба звяртацца да ўладаў краіны-агрэсара ці той, якая не прызнае тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны.

Звяртацца па часовы від на жыхарства трэба на працягу шасці месяцаў.

Скарачаецца таксама тэрмін уступлення ў сілу закона аб грамадзянстве — да трох месяцаў і памяншаюцца тэрміны, адведзеныя ўраду на падрыхтоўку неабходных падзаконных актаў.

У законе "Аб сацыяльнай і прававой абароне ваеннаслужачых і членаў іх сем'яў" замацоўваецца норма, што яго дзеянне ў цэлым не распаўсюджваецца на замежных вайскоўцаў і асоб без грамадзянства. Пад выключэнне трапляюць палажэнні аб грашовым забеспячэнні, медыцынскім абслугоўванні і прадастаўленні адпачынкаў.

Каментуючы прыняцце новага закона, у Офісе Святланы Ціханоўскай выказалі надзею, што ён паслужыць падтрымкай у вырашэнні практычных і прававых праблем, з якімі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі — ад легалізацыі знаходжання да сацыяльных гарантый і абароны іх правоў. Праца над законам вялася ад сакавіка — тады пасля круглага стала ў Кіеве каманда Ціханоўскай перадала ўкраінскаму боку прапановы, сабраныя ад беларускіх добраахвотнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.