Закон, які ўскладняе атрыманне грамадзянства, вынеслі на абмеркаванне ў Польшчы

Польскі сцяг, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
На грамадскае абмеркаванне ў Польшчы вынесеныя змены ў закон аб польскім грамадзянстве. Іх ініцыявала партыяй "Права і справядлівасць" (ПіС). Калі змены прымуць, павялічыцца тэрмін, які трэба пражыць у Польшчы, каб атрымаць грамадзянства.
Цяпер падаць дакументы на польскае грамадзянства на агульных падставах можна праз тры гады пражывання ў Польшчы на падставе пастаяннага ДНЖ (сталага пабыту) або карты доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС. ПіС прапануе павялічыць гэты тэрмін да 10 гадоў.
Пры гэтым для тых, хто жыве ў Польшчы па карце сталага пабыту, атрыманай на падставе польскіх каранёў, захоўваецца права падаць на грамадзянства праз год пражывання. Два гады сталага пабыту дастаткова для тых, хто знаходзіцца ў шлюбе з грамадзянінам Польшчы. Для замежніка са статусам ўцекача, таксама дастаткова пражыць у Польшчы два гады.
Між тым у польскім заканадаўстве ўжо і так ёсць норма аб праве падачы на грамадзянства проста па факце 10 гадоў легальнага бесперапыннага перабывання.
Крытыкі праекту кажуць, што ў ім не згадваецца такая форма міжнароднай абароны для ўцекачоў, як "ochrona uzupełniająca" — "дадатковая абарона". Цяпер уцякач з такім статусам павінен пражыць у польшчы тры гады да падачы на грамадзянства. Але патэнцыйна норма можа ператварыцца ў 10 гадоў, калі не вылучыць яе асобным пунктам.
Адной з падставаў зменаў у заканадаўства аўтары у праекце называюць лепшае авалоданне польскай мовай на ўзроўні B1. Аднак яшчэ на этапе атрымання адной з формаў ПМЖ — "доўгатэрміновага рэзідэнта" — замежнікі здаюць іспыт для пацвярджэння валодання мовай на ўзроўні B1.
Таксама яны спасылаюцца на неабходнасць гарманізаваць палітыку міграцыі з іншымі краінамі ЕС. Напрыклад, у Чэхіі, Францыі і Германіі неабходны тэрмін пражывання складае пяць гадоў, у Венгрыі — восем гадоў, у Італіі, Аўстрыі ды Іспаніі — 10 гадоў.
На сайце польскага Сейма ёсць магчымасць выказацца пра гэты законапраект праз анкету. Цяпер там выказаліся больш за 450 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.