Даследчык "Антыфы" пакінуў ЗША з-за пагроз

Марк Брэй

Марк Брэй / AFP

Аўтар некалькіх кніг аб руху "Антыфа" Марк Брэй паведаміў AFP, што з'ехаў са Злучаных Штатаў пасля шматлікіх пагроз яму і яго сям'і. Як перадае DW, правыя актывісты пачалі атакаваць яго ў сацсетках пасля забойства кансерватыўнага амерыканскага актывіста Чарлі Кірка 10 верасня.

Паводле слоў Брэя, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і яго прыхільнікі ў сваёй рыторыцы сёння спрабуюць "пашырыць паняцце "Антыфа" і, па сутнасці, прымяняць яго да ўсіх, хто не падзяляе іх поглядаў".

Цяпер ён знаходзіцца ў Іспаніі.

Марк Брэй — гісторык, прафесар ва Універсітэце Ратгерса ў Нью-Джэрсі. У 2011 ён меў кантакты з левым рухам Occupy Wall Street у Нью-Ёрку, аднак ніколі не быў ні ў адной антыфашысцкай групе.

"Я падтрымліваю антыфашызм у самым шырокім сэнсе, я ненавіджу фашызм, але ў дадзеным выпадку я выступаю як даследчык", — адзначыў ён у інтэрв'ю AFP.

22 верасня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб прызнанні левага руху "Антыфа" "тэрарыстычнай арганізацыяй" унутры краіны. Пры гэтым, у руху няма лідэраў і арганізацыйнай структуры, да яго адносяць сябе незалежныя адна ад адной групы і асобныя асобы па ўсім свеце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.