Мінчан падманвалі на фіктыўнай дастаўцы кветак

Кветкі / unsplash
Ашуканцы прыкінуліся анлайн-крамай кветак і падманулі 80 мінчукоў на суму больш за 15 тысяч рублёў, піша Следчы камітэт. Зламыснікі працавалі праз Instagram ад імя акаўнта belbuket_by.
Следчыя распавялі, як працавалі схемы махляроў, на прыкладзе аднаго з падманутых мінчукоў.
"Замовіўшы праз Instagram букет, жыхар сталіцы ўнёс поўны кошт пакупкі. Тады яму паведамілі, што дастаўка ажыццяўляецца за дадатковую плату і аформіць яе магчыма праз мэсэнджар", — распавялі следчыя.
У мэсэнджары прадавец даслаў пакупніку спасылку для аплаты. Мужчына перайшоў па ёй і ўвёў дадзеныя сваёй банкаўскай карты, а таксама Пашпартныя дадзеныя. Затым зламыснікі запатрабавалі даслаць фатаграфію пашпарта. Калі "пакупнік" выканаў патрабаванні, перапіска была выдаленая, а з яго рахунку зніклі грошы.
Перш чым была спісаная ўся сума, мінчук паспеў заблакаваць карту.
У фальшывай крамы былі добрыя водгукі ў "Instagram", так што збеглая праверка акаўнта не засцерагла пакупнікоў кветак ад махляроў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.