Заходнія аналітыкі: “На мінскім саміце дамовіцца было амаль немагчыма”
Заходнія выданні ў падрабязнасцях абмяркоўваюць ход мінскіх перамоваў, іх вынікі і магчымасці выканання пагаднення, прынятага 12 лютага.
Так, у рэдактарскім артыкуле брытанскай газеты The Guardian выказваюцца сумневы наконт выканання дамоўленасцяў, што былі прынятыя на гэтай сустрэчы.
Выданне звязвае гэта з тым, што дамовіцца на гэтым саміце было, у прынцыпе, немагчыма: “Мэты Расіі, сепаратыстаў, еўрапейцаў і амерыканцаў у гэтым канфлікце настолькі розныя, што дамовіцца насамрэч практычна немагчыма”.
Рэдакцыя таксама звяртае ўвагу на мову жэстаў лідараў Германіі, Францыі, Расіі і Украіны падчас шматгадзінных перамоваў.
“Яны выглядалі так, нібыта не давяраюць адно аднаму. Быццам хацелі апынуцца дзе заўгодна, толькі не ў Мінску. Яны выглядалі так, нібы прыкідваліся, што маюць рэальную ўладу, усведамляючы ў душы, што насамрэч ніякай улады ў іх няма”, — разважае рэдакцыя выдання.
У артыкуле адзначаецца, што вядома, чаго хоча ўрад Украіны, лідары Еўрасаюза і нават сепаратысты. Што да Пуціна, то тут — поўная таямніца.
Рэдакцыя выдання мяркуе, што сёння галоўная задача заходніх лідараў у тым, каб зразумець нарэшце, чаго ж хоча гаспадар Крамля.
Гэтак жа выказваецца спецыяліст Еўрапейскага цэнтра палітыкі Аманда Пол на старонках The New York Times.
“У выніку неадпаведнасці паміж еўрапейскім упорам на дыпламатыю і пуцінскім падыходам да Украіны, які чаргуе рэгулярныя заклікі да міру з таемным забеспячэннем сепаратыстаў расійскай зброяй і нават ваеннымі, Масква і Брусель вядуць зусім розную гульню”.
“Пуцін можа абыграць нас, таму што ён ведае межы нашых магчымасцяў. Ён ведае, што мы не задзейнічаем войскі. Ён ведае, што нават калі ЗША вырашаць адаслаць якую-кольвек зброю, Расія ўсё роўна дастаткова моцная, каб разграміць Украіну. Мы ж нават не ўяўляем межаў магчымасцяў Пуціна. Ён сваіх карт не паказвае. А Захад паказвае”.
Нямецкі аналітык Інга Мантойфель на старонках Deutsche Welle выказвае сумневы ў выкананні дамоўленасцяў мінскай сустрэчы.
“Шанцы на поспех любога перамір’я залежаць ад таго, наколькі надзейна наладжаны кантроль, які ажыццяўляецца незалежнымі сіламі ў дэмілітарызаванай зоне паміж канфліктуючымі бакамі. Але ці зможа АБСЕ такі кантроль забяспечыць? У новым пагадненні гэтая задача абмаляваная скупа і туманна. Таму імавернасць таго, што баі адновяцца, вельмі высокая”.
Акрамя таго, пагадненне абавязвае ўрад Украіны не толькі трываць варожы Кіеву рэжым на ўсходзе краіны, але фінансава і эканамічна яго падтрымліваць. А вось узнаўленне дзяржаўнага кантролю Украіны на мяжы з Расіяй абяцанае ў туманных выразах толькі ў канцы гэтага года. У выніку ўмовы пагаднення не павышаюць бяспеку Украіны.
Да 15 лютага Еўропа яшчэ можа цешыць сябе спадзевамі, што спыненне агню стане рэальнасцю. Але ніякай упэўненасці ў тым, што новыя мінскія пагадненні прывядуць да заканчэння кровапраліцця, няма. І тады на наступным тыдні давядзецца аднавіць дыскусіі аб узмацненні жорсткасці санкцыяў ці нават аб пастаўках зброі ва Украіну, мяркуе аналітык.
Аналітык брытанскай газеты The Times Роджэр Боес аналізуючы мінскія пагадненні, адзначае што ў выйгрышы аказаліся Расія і сепаратысты, што працягваюць кантраляваць усход Украіны, у той час як Кіеў і Захад будуць за ўсё плаціць, не маючы магчымасці ўздзейнічаць на сітуацыю.
Вядомы спецыяліст даследчык Расіі, прафесар Ханц Хенінг-Шродэр, у інтэрв’ю нямецкаму выданню Deutsche Welle расказаў, што выкананне пунктаў дамовы будзе вельмі праблематычным, а само пагадненне выглядае як цукерка для Пуціна.
“Першае, што кідаецца ў вочы, — гэта адсутнасць згадвання санкцыяў або іх адмены. Другое: Расіі прапануецца разам з Украінай стаць у перспектыве важным гульцом у “Вялікай Еўропе”. І вось гэта можна насамрэч разглядаць як “цукерку” Пуціну на перыяд пасля ўрэгулявання канфлікту".
"ЕС заяўляе аб сваёй гатоўнасці нармалізаваць адносіны з Расіяй і зноў успрымаць яе як партнёра, а не як праціўніка, калі расійскае кіраўніцтва будзе садзейнічаць пераадоленню крызісу ва Украіне. Рэалізацыя такой прапановы цалкам залежыць ад паводзінаў Расіі”.
Прафесар рызыкнуў таксама зрабіць прагноз на выпадак, калі адносіны Расіі з Захадам стануць партнёрскімі пры ўмове выканання ўсіх мінскіх дамоўленасцяў.
“Па-першае, у гэтай дэкларацыі свядома вынесеная за дужкі тэма санкцыяў і праблема Крыма. Разам з тым, сваю негрунтоўнасць падчас гэта крызісу паказала еўрапейская сістэма бяспекі, АБСЕ. На стварэнне новай спатрэбіцца гадоў 10-12. Санкцыі ЕС і ЗША можна будзе адмяніць хутчэй. У цэлым жа агульная нармалізацыя адносінаў з Расіяй зойме ад 5 да 10 гадоў”.
Фота: Reuters.com