За страляніну па вокнах хулігана асудзілі на 2 гады турмы
Здарэнне адбылося ў студзені сёлета ў Пінску.
Як піша газета "Вечерний Брест", 27-гадовы мясцовы жыхар з самаробнага пісталета страляў па жылым доме на вуліцы Студэнцкай. Ніхто з людзей не пацярпеў, аднак у адной з кватэр было разбітае шкло. Стралка затрымала міліцыя, была распачата крымінальная справа.
Экспертыза прызнала пісталет агнястрэльнай зброяй, якая здольная страляць вінтовачнымі патронамі. У судзе абвінавачаны патлумачыў, што за пісталет узяўся пасля сваркі з дзяўчынай.
Дарэчы, раней малады чалавек меў сем судзімасцяў. Цяпер яго чакае новы тэрмін — два гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму.