За шпіянаж на КДБ беларусу ў Польшчы прысудзілі 2 гады і 2 месяцы

Польская спецслужба ABW / ABW
Акруговы суд Любліна прысудзіў 53-гадовага беларуса Мікалая М. да двух гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі. Пра гэта, як заўважыў MOST, перадае RMF 24.
Следства выявіла, што мужчына збіраў інфармацыю для беларускіх спецслужбаў пра вайсковыя аб'екты ў Польшчы, у тым ліку назіраў за аэрадромам у Бяла-Падлясцы. Аднак на волі ён можа аказацца ўжо праз некалькі дзён, пасля 30 траўня: яму залічылі тэрмін папярэдняга зняволення.
Паведамлялася, што Мікалай М. нарадзіўся ў Львове. Ён спецыяліст у галіне чыгуначнага транспарту і добра гаворыць па-польску.
Суд выявіў, што ў 2018-2023 гадах мужчына назіраў за ваенным аэрадромам у Бяла-Падлясцы і збіраў інфармацыю аб ваенных аперацыях, якія на ім праводзіліся. Таксама ён збіраў звесткі пра чыгунку і перамяшчэнні вайсковай тэхнікі, назіраў за аб'ектамі і транспартнымі сродкамі Агенцтва ўнутранай бяспекі ў Бяла-Падлясцы (ABW). Сабраныя звесткі ён перадаваў афіцэрам КДБ па наладжаным канале сувязі.
Затрымалі Мікалая М. 1 сакавіка 2023 года. Падчас допыту ён прызнаў віну і даў прызнаўчыя паказанні.
Па справе праходзіць таксама 59-гадовы грамадзянін Польшчы, пенсіянер Бернард С. Яго абвінавацілі ў тым, што даў шпіёну месца для пражывання. У Агенцтвеа ўнутранай бяспекі сцвярджаюць, што паляк падтрымліваў з беларускім шпіёнам сяброўскія адносіны.
Бернарда С. аштрафавалі на 7 тысяч злотых за непаведамленне аб злачынстве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.