За перапіску ў чатах двум сябрам Каардынацыйнай Рады прысудзілі па 8 гадоў

Сябры пашыранага складу Каардынацыйнай Рады Расіціслаў Стэфановіч і Сяргей Плоніс асуджаныя на восем гадоў зняволення кожны. Як адзначаецца ў ТГ-канале Каардынацыйнай Рады, менавіта столькі прасіла абвінавачанне.
Па справе праходзяць дзесяць палітвязняў. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў тэлеграм-чатах "радыкальнай накіраванасці", а таксама ў намеры сапсаваць тры "Табакеркі". Суд вынес выракі ад пяці да дзесяці гадоў калоніі.
Як паведамляюць праваабаронцы "Вясны", суддзя Дзмітрый Астапенка вынес наступныя прысуды:
— Арцёму Касакоўскаму, Дзмітрыю Ластоўскаму, Дзмітрыю Жэбуртовічу — па 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
— Паўлу Нядбайлу, Расціславу Стэфановічу, Яўгену Прапольскаму, Аляксандру Рэзніку, Сяргею Плонісу, Арцёму Міцуку, Аляксандру Юрчыку — па 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
— Юрыю Бялько — 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Абвінавачаныя на судзе сваю віну не прызналі і заявілі, што абвінавачванне пабудаванае на здагадках.
Архітэктар і рэгбіст Расціслаў Стэфановіч падкрэсліў, што ні з кім з падсудных раней не сустракаўся і не вёў асабістай перапіскі. Ён папрасіў суд ігнараваць здагадкі і абвінавачванні і вынесці апраўдальны прысуд.
Сяргей Плоніс, як і яшчэ трое абвінавачаных, адмовіўся ад апошняга слова. Арцём Міцук патлумачыў сваю адмову: "Я, мабыць, адмоўлюся, а то ці мала яшчэ абвінавацяць у падрыхтоўцы да падпалу суда".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.