За паўгода колькасць беларусаў з ВНЖ Літвы зменшылася на 5,2 тысячы

Вільня, ілюстрацыйнае фота

Вільня, ілюстрацыйнае фота

Па стане на 1 ліпеня 2025 года від на жыхарства ў Літве мелі 52 287 грамадзян Беларусі. Гэта на 5224 чалавекі менш, чым было на пачатку года. А ў параўнанні з 1 студзеня 2024 года колькасць беларусаў з літоўскім ВНЖ скарацілася на 9880 чалавек. Адпаведную статыстыку апублікаваў Дэпартамент па міграцыі Літвы.

Большасць беларусаў у Літве (48 162 чалавекі) мелі па стане на 1 ліпеня часовы від на жыхарства, 3908 чалавек — пастаянны від на жыхарства, яшчэ 142 былі часовымі, а 75 — пастаяннымі рэзідэнтамі ЕС.

Сярод замежнікаў, якія атрымалі дазвол на пражыванне на падставе высокай кваліфікацыі, беларусы склалі самую вялікую групу — 3275 чалавек. Агулам такія дазволы ў Літве маюць амаль 5,5 тыс. чалавек. Як правіла, іх выдаюць айцішнікам.

36 798 беларусаў атрымалі ВНЖ на падставе працы. Гэта таксама самая вялікая колькасць сярод замежнікаў у Літве.

Па гуманітарных прычынах ВНЖ атрымалі 1068 беларусаў, для ўз'яднання сям'і — 5161, а ВНЖ для навучання — 951 грамадзянін нашай краіны.

Самай шматлікай групай уладальнікаў ВНЖ Літвы па стане на 1 ліпеня былі ўкраінцы — 75 085 чалавек. Беларусы займаюць другое месца, на трэцім месцы ідуць расіяне (14 360). 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.