За патрабаванне да Азаронка спыніць здымку хлопца асудзілі на 2 гады калоніі

Пацярпелы Рыгор Азаронак на маршы 11 кастрычніка 2020 года / ctv.by
Пацярпелы Рыгор Азаронак на маршы 11 кастрычніка 2020 года / ctv.by

Палітвязня Арцёма Забелянкова асудзілі на 2 гады калоніі за сварку на адным з маршаў з супрацоўнікам СТВ Рыгорам Азаранкам і яго аператарам Андрэем Іваненкам. Такое рашэнне вынес суд Заводскага раёна Мінска, паведамляюць праваабаронцы.

Забелянкова абвінавачвалі паводле двух артыкулаў КК: у тым, што ён актыўна ўдзельнічаў у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 ст.), і перашкаджаў прафесійнай дзейнасці журналіста (арт. 198).

Гаворка пра падзеі, якія адбыліся 11 кастрычніка 2020 года на адным з пратэстных маршаў. Паводле версіі абвінавачвання, "Забелянкоў удзельнічаў у маршы, дзе патрабаваў у аднаго з супрацоўнікаў дзяржканала спыніць здымку, пагражаў гвалтам аператару Андрэю Іваненку і ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўніка дзяржканала СТВ Рыгора Азаронка".

Азаронак на суд не прыйшоў, але перадаў заяву, што не мае прэтэнзій да абвінавачанага. Аператар Іваненка быў на працэсе і папрасіў суд не пазбаўляць хлопца волі. Але суд усё ж вырашыў адправіць 25-гадовага хлопца ў калонію.

Праваабаронцы прызналі Арцёма Забелянкова палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.