За карагод у цэнтры Брэста будуць судзіць 10 чалавек

За карагод у цэнтры Брэста будуць судзіць 10 чалавек

Пракуратура Брэсцкай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу на 10 брастаўчан, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў і актыўным удзеле ў іх, якія груба парушылі грамадскі парадак, былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый.

Гаворка ідзе пра падзеі 13 верасня. Тады ў цэнтры Брэста на скрыжаванні праспекта Машэрава, бульвара Касманаўтаў і бульвара Шаўчэнкі пратэстоўцы вадзілі карагод, а супраць іх быў скарыстаны вадамёт.

Паводле пракуратуры, быў абмежаваны рух гарадскіх аўтобусаў і тралейбусаў. У тралейбуснага парку агульны прастой транспарту склаў больш за 29 гадзін, у аўтобуснага — больш за 5 гадзін. Акрамя таго, на розны час зачыняліся тры гандлёвыя кіёскі, а адзін рэстаран зачыняўся больш як на 30 хвілінаў. 

"Прычыненая злачынствам шкода не кампенсаваная — пракуратура выставіла да абвінавачаных пазоў аб спагнанні шкоды ў салідарным парадку ў інтарэсах КУТП "Тралейбусны парк" і ААТ "Брэсцкі аўтобусны парк", — падкрэсліваюць у пракуратуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.