За каманду Лукашэнкі гуляў дыскваліфікаваны хакеіст
7 студзеня ў Мінску завяршыўся чарговы калядны хакейны турнір.
Хаця турнір мае статус аматарскага, для каманды Аляксандра Лукашэнкі зробленае выключэнне: за яе гуляюць прафесійныя хакеісты.
Гэтым разам кіраўніку Беларусі дапамагалі восем хакеістаў, якія працягваюць прафесійную кар'еру: брамнік Сяргей Шабанаў, абаронцы Аляксей Плотнікаў, Сяргей Стась, Аляксандр Радзінскі, нападнікі Сяргей Задзяленаў, Вячаслаў Лісічкін, Сцяпан Панамароў і Максім Слыш.
Акрамя таго, за каманду беларускага кіраўніка гуляў форвард, дыскваліфікаваны міжнароднай федэрацыяй хакея, піша інтэрнэт-газета "Салідарнасць". У допінг-пробе Андрэя Міхалёва, узятай у лютым 2013-га, быў выяўлены забаронены прэпарат — метылгексанамін.
Дарэчы, у фінале каманда Лукашэнкі перамагла расіян па булітах — 3:2. Сам кіраўнік дзяржавы за ўвесь турнір ні разу не пацэліў у браму сапернікаў.
Фота Міхалёва — Goals.by