З-за працяглай рэканструкцыі ў Раўбічах фрыстайлістам няма дзе трэніравацца
Сярэбраны прызёр Алімпіяды-2022 Ганна Гуськова / AFP
Беларускія фрыстайлісты з-за рэканструкцыі схілу ў Раўбічах, якая зацягнулася, не могуць трэніравацца на снезе ў хатніх умовах. Пра гэта распавёў галоўны трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле Міхаіл Курловіч рэсурсу sport5.by.
Рэканструкцыя схілу ў Раўбічах пачалася ў 2022 годзе. "Гэта была планавая мадэрнізацыя: ёсць сучасныя патрабаванні — трэба было зрабіць яго крыху шырэйшым", — распавядае Курловіч. Але ў лютым 2022-га Расія пачала вайну супраць Украіны, супраць РФ і Беларусі, якая падтрымала краіну-агрэсара, пачалі ўводзіць санкцыі. З абмежаваннямі сутыкнуліся і спартсмены. Фрыстайлістаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах.
"Апынуліся пад санкцыямі, не маглі нідзе ўдзельнічаць. У летні перыяд працягвалі падрыхтоўку ў сябе дома, а да восені разлічвалі на свае сілы па Раўбічах, але, на жаль, і па гэты дзень схіл не здадзены", — адзначае трэнер. Беларускія фрыстайлісты прапусцілі ўжо дзве зімы. Прычым не толькі нацыянальная каманда, але і юніёрская. "Усе ведаюць Раўбічы як кузню фрыстайла. Але цяпер не можам карыстацца гэтым схілам. Там не атрымалася нешта з зямельнымі працамі, таксама паўсталі пытанні па сістэме намарожвання, якая была адноўленая. Чакаем, што ўсё аператыўна будзе зроблена, не хочам губляць трэцюю зіму", — адзначыў Курловіч.
Мінулай зімой, у лютым, беларускія фрыстайлісты былі вымушаныя праводзіць унутраны чэмпіянат і Кубак краіны ў расійскім Яраслаўлі. Адзначым, што беларусы на працягу дзесяцігоддзяў былі вельмі паспяховыя ў лыжнай акрабатыцы — заваёўвалі медалі на сямі Алімпіядах запар. З апошняй у 2022 годзе серабро прывезла Ганна Гуськова. Але іншая паспяховая фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская тады на Алімпіяду не патрапіла, яе звольнілі са зборнай за падтрымку пратэстаў.