З лагера для мігрантаў у Літве сышлі сем чалавек, іх шукаюць
З пачатку года на літоўска-беларускай мяжы затрыманыя больш чатырох тысяч нелегальных мігрантаў / Reuters
Літоўскія ўлады шукаюць семярых мігрантаў, якія пакінулі намётавы лагер на палігоне Руднінкай, паведамляе Нацыянальнае радыё LTR.
Першапачаткова з лагера сышлі 12 чалавек. Пяцёра пазней вярнуліся. Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю.
Нагадаем, на мінулым тыдні ў гэтым намётавым лагеры адбыліся беспарадкі. Мігранты скардзіліся на прамоклыя палаткі, дрэнныя ежу і ваду. Некаторыя ўжо тады спрабавалі збегчы. Каб супакоіць жыхароў лагера, на месца выязджалі сілавікі.
З нядаўняга часу Літва змяніла тактыку працы з вялікім патокам мігрантаў, якія ідуць з тэрыторыі Беларусі. Іх больш не прымаюць, а адпраўляюць назад у Беларусь.
Акрамя таго, літоўскія ўлады заявілі, што гатовыя выплачваць па 300 еўра кожнаму мігранту, які пагодзіцца вярнуцца на радзіму. Выплату можна будзе атрымаць толькі адзін раз.