Юрысты, міліцыянеры або аграномы? Як прайшла падача дакументаў у ВНУ
Куды сёлета ідзе больш абітурыентаў? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Падача дакументаў на бюджэт скончылася ў Беларусі ўвечары 24 ліпеня. Для большасці гэта быў апошні шанец вучыцца бясплатна, хоць зноў магчымасць з'явіцца пасля абвяшчэння дадатковага набору ў некаторых ВНУ.
Як прайшла прыёмная кампанія, дзе склаліся высокія конкурсы, а дзе — наадварот, недаборы, — расказвае Еўрарадыё.
Высокі конкурс на... міліцыянераў
Нечакана шмат абітурыентаў падаюцца ў Акадэмію МУС. Напрыклад, на 82 бюджэтныя месцы па спецыяльнасці "Правазнаўства (Аператыўна-вышуковая дзейнасць)" прэтэндуюць 225 чалавек. Гэта значыць, конкурс складае 2,7 чалавека на месца. Гэта вышэй, чым на міжнародныя адносіны ці юрфак у БДУ.
У Акадэміі МУС конкурс склаўся і на абедзве спецыяльнасці профілю "эканамічнае права", і на судова-пракурорскую дзейнасць, а таксама на "Судовыя крыміналістычныя экспертызы". Дарэчы, на тры месцы для жанчын па апошняй спецыяльнасці прэтэндуе 41 чалавек, гэта значыць конкурс складае 17 (!) чалавек на месца.